Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заклікаў Трампа прыехаць ва Ўкраіну, каб «разабрацца, што тут адбываецца»


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў лідэра ЗША Дональда Трампа наведаць Украіну.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію тэлеканалу CBS News, якое выйшла ў эфір 13 красавіка з Крывога Рогу пасьля расейскай атакі на гэты горад 4 красавіка, у выніку якой загінулі 20 чалавек, дзевяць зь іх дзеці, дзясяткі атрымалі раненьні.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што будзе вітаць Дональда Трампа ва Ўкраіне, каб той мог «зразумець, што тут адбываецца».

«Мы паважаем вашу пазыцыю, але, калі ласка, перад любымі рашэньнямі, плянамі перамоваў прыходзьце паглядзець на людзей, мірных жыхароў, салдатаў, шпіталі, цэрквы... Прыходзьце, паглядзіце, і тады мы будзем рухацца наперад з плянам спыненьня вайны. Вы зразумееце, з кім маеце справу. Вы зразумееце, што зрабіў Пуцін», — сказаў Зяленскі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заявіў, што перамовы аб спыненьні вайны Расеі супраць Украіны, «магчыма, ідуць добра». Ён сказаў гэта журналістам на борце Air Force One, дадаўшы, што «надыходзіць момант, калі мы павінны альбо дзейнічаць, альбо маўчаць».

За апошнія тыдні адбылося некалькі сустрэчаў і тэлефонных размоваў паміж прадстаўнікамі Ўкраіны і ЗША, а таксама асобна — перамовы паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Злучанымі Штатамі аб спыненьні агню ў вайне Расеі супраць Украіны.

11 сакавіка прадстаўнікам ЗША ўдалося дабіцца ад Украіны згоды на 30-дзённае спыненьне агню. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін не адмовіўся ад гэтай ідэі, але выставіў свае ўмовы.

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф 11 красавіка сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Перамовы працягваліся больш за чатыры гадзіны.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што бакі абмяркуюць «розныя аспэкты ўкраінскага ўрэгуляваньня», а Крэмль мае намер данесьці «асноўныя элемэнты пазыцыі і заклапочанасьці Расеі» непасрэдна прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG