Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку верталёт з турыстамі на борце ўпаў у Гудзон. Загінулі 6 чалавек, у тым ліку трое дзяцей


У Нью-Ёрку пры падзеньні гелікоптэра ў раку Гудзон загінулі шэсьць чалавек, паведамілі ўлады гораду. Прычыны катастрофы пакуль невядомыя. Associated Press адзначае, што верталёт упаў прапэлерам уніз. Сярод загінулых трое дарослых і трое дзяцей.

Пажарная служба гораду заявіла, што атрымала інфармацыю пра крушэньне а чацьвёртай гадзіне дня мясцовага часу. Верталёт ляцеў з цэнтру Мангэтану і правёў у паветры каля 15 хвілінаў. Паводле відавочцаў, прычынай катастрофы мог стаць моцны вецер. Гелікоптэр упаў недалёка ад берагу, каля аднаго зь пірсаў. У сеціве зьявілася відэа крушэньня.

Фэдэральная адміністрацыя авіяцыі вызначыла тып верталёта, які разьбіўся, як Bell 206. Гэтую мадэль шырока выкарыстоўваюць у камэрцыйнай авіяцыі розныя экскурсійныя кампаніі.

Пазьней стала вядома, што пры крушэньні верталёта загінуў прэзыдэнт гішпанскага аддзелу кампаніі Siemens Агустын Эскабар і ягоная сям’я — жонка і трое дзяцей. У праваахоўных органах удакладнілі, што яны прыбылі з Барсэлёны ў ЗША раней у гэты ж дзень. У авіякатастрофе таксама загінуў пілёт гелікоптэра.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў спачуваньні родным і сябрам загінулых. Таксама ён паведаміў, што міністар транспарту Шон Дафі і яго супрацоўнікі высьвятляюць усе акалічнасьці крушэньня.

  • Гэта ўжо ня першая катастрофа ў цывільнай авіяцыі ў ЗША з пачатку году. 29 студзеня пад Вашынгтонам у выніку сутыкненьня з вайсковым гелікоптэрам пацярпеў крушэньне пасажырскі самалёт рэгіянальных лініяў авіякампаніі American Airlines. На яго борце былі 64 чалавекі, у тым ліку вядомыя фігурысты. На борце вайсковага верталёта Sikorsky UH-60 Black Hawk з Форту Бэлвуар (штат Вірджынія), які выконваў вучэбны палёт, былі трое вайскоўцаў. У выніку авіякатастрофы ўсе 67 чалавек загінулі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG