9 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 12 «Аб рэалізацыі асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Згодна зь ёй, «пад асаблівы кантроль» ідэалягічную працу паставяць у сфэрах адукацыі, культуры, навукі, спорту, этнаканфэсійных адносінаў, сямейнай, моладзевай, інфармацыйнай і гістарычнай палітыкі.
Дырэктыва зацьвярджае асновы «ідэалёгіі беларускай дзяржавы» і абавязак яе рэалізоўваць «ва ўсіх сфэрах і суб’ектах гаспадараньня незалежна ад формы ўласнасьці», падыходы да ідэалягічнай працы з насельніцтвам і прапаганду «разуменьня дзяржаўнасьці беларускага народа», а таксама «ўцягваньне ў прадзяржаўнае інфармацыйна-ідэалягічнае поле» тых, хто заняты ў прыватным сэктары эканомікі, вынікае з паведамленьня прэс-службы Лукашэнкі.
Субʼектамі рэалізацыі дзяржаўнай ідэалёгіі пазначаныя дзяржаўныя органы, установы адукацыі, культуры, навукі, спорту, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, СМІ, грамадзкія абʼяднаньні і палітычныя партыі, гаворыцца ў дакумэнце. Згодна з дырэктывай, яны павінны праводзіць ідэалягічную працу ў тым ліку праз прапаганду, контрпрапаганду, выхаваньне і «сацыяльна-культурныя мерапрыемствы», а таксама рыхтаваць «ідэалягічны актыў», вывучаць грамадзкую думку, паляпшаць «камунікацыю ўлады і грамадзтва», распаўсюджваць «значную інфармацыю» праз СМІ і інтэрнэт, «ацэньваць кантэнт на адпаведнасьць ідэалёгіі» і інш.
Арганізацыю ідэалягічнай працы ў працоўных калектывах усклалі на кіраўніцтва, а каардынацыю — на намесьнікаў. Пры гэтым Лукашэнка ўсклаў пэрсанальную адказнасьць за стан ідэалягічнай працы ў працоўным калектыве — на кіраўніка арганізацыі, у рамках асобнай галіны (сфэры дзейнасьці) — на кіраўніка адпаведнага дзяржаўнага органа, на тэрытарыяльным узроўні — на кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Адміністрацыя Лукашэнкі разам зь іншымі органамі, міністэрствамі і інстытутамі будзе каардынаваць і маніторыць ідэалягічную працу, узгадняць прызначэньне і вызваленьне ад пасадаў, зьвязаных з ідэалягічнай працай. Згодна з дакумэнтам, асаблівасьці ідэалягічнай працы ў органах бясьпекі вызначае Аляксандар Лукашэнка.
Урад павінен у трохмесячны тэрмін прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з дырэктывай, а таксама «прыняць іншыя меры па яе рэалізацыі».
Форум