У Беларусі прайшлі ператрусы ў агенцтвах нерухомасьці, пра гэта выданьню Tochka.by распавялі тры крыніцы, не зьвязаныя адна з адной.
Паводле інфармацыі адной з крыніц, знаёмых з сытуацыяй, рэйды праходзілі ў аўторак, 8 красавіка, адразу ў 10 агенцтвах нерухомасьці, былі затрыманьні, у тым ліку кіраўнікоў. У іншай кампаніі, якая не патрапіла ў поле зроку сілавікоў, паведамілі, што ім вядома аб ператрусах як мінімум у шасьці агенцтвах. Трэцяя крыніца пацьвердзіла ператрусы, дадаўшы, што яны праходзілі ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах.
У сілавых ведамствах гэтыя зьвесткі выданьню Tochka.by афіцыйна не пацьвердзілі і не пракамэнтавалі.
Як даведалася «Люстэрка», ператрусы праводзілі супрацоўнікі КДБ. Некаторыя агенцтвы праходзяць у крымінальных справах аб крадзяжах або ўхіленьні ад выплаты падаткаў.
Згодна з крыніцай выданьня, спэцслужбы прыходзілі зь ператрусам як мінімум у тры агенцтвы — гэта «7 паверхаў», «Фаторыя Плюс» і «Марыэлт». Некаторых супрацоўнікаў і мэнэджэраў забіралі на допыты. Прычына — крымінальныя справы ў некалькіх артыкулах, адна зь якіх — арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў).
Пад выглядам звычайнага кліента журналіст «Люстэрка» змог датэлефанавацца ў кампаніі «7 паверхаў» і «Фаторыя Плюс». У першай не пацьвердзілі, але й не зьняпраўдзілі інфармацыі аб ператрусах, заявіўшы, што працягваюць працаваць. У другой адказалі, што не валодаюць большай інфармацыяй, «чым валодаеце вы». Апошняя кампанія на тэлефанаваньні не адказала.
Экспэртка па нерухомасьці Натальля Літоўская са спасылкай на крыніцы сьцьвярджае, што сілавікі зацікавіліся агенцтвамі нерухомасьці па ўсёй Беларусі пасьля праверкі гадавой фінансавай справаздачнасьці.
«Паводле зьвестак крыніц — вывучылі гадавыя справаздачы па фінансавых паказчыках і заробках у агенцтвах нерухомасьці. І прыйшлі да тых, каго падазраюць ва ўхіленьні ад падаткаў, атрыманьні грошай «міма касы» і выплаце заробкаў у канвэртах», — напісала яна ў Telegram.
Форум