Заява беларускай мытні аб тым, што на мяжы з Польшчай затрымалі найбуйнейшую партыю выбухоўкі, хутчэй за ўсё, зьяўляецца дэзынфармацыяй, паведамляе тэлеканал Polsat са спасылкай на польскі дасьледчы інстытут NASK, які спэцыялізуецца на кібэрбясьпецы.
У Памежнай служба Польшчы і польскай мытні назвалі заяву Мытнага камітэту Беларусі прапагандай і дэзінфармацыяй.
«Мы не камэнтуем матэрыялы, якія публікуюцца службамі Беларусі, разглядаючы іх як элемэнты дэзінфармацыі», — заявіў у камэнтары тэлеканалу «Белсат» Дарыюш Сеніцкі, афіцыйны прадстаўнік Надбужанскага аддзелу Памежнай службы Польшчы, у які ўваходзіць памежны пераход у Тарэспалі на мяжы зь Беларусьсю.
У польскай мытні не пацьвердзілі, што праз польскую мяжу правезьлі выбухоўку.
«Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы не пацьвярджае інцыдэнту з вывазам з Польшчы ў Беларусь 580 кг выбуховых рэчываў. Паведамленьне беларускай мытнай службы — частка прапагандысцкіх высілкаў рэжыму. Нацыянальная падатковая адміністрацыя прымае ўсе неабходныя захады для гарантаваньня бясьпекі і эфэктыўнага кантролю на мяжы», — заявіў «Белсату» прэс-сакратар палаты падатковага адміністраваньня ў Любліне Міхал Дэрусь. Гэтая ўстанова адказвае за працу мытнікаў у пункце пропуску ў Тарэспалі.
6 красавіка Мытны камітэт Беларусі заявіў пра спыненьне ўвозу на тэрыторыю краіны найбуйнейшай у гісторыі Беларусі партыі выбухоўкі. Як сьцьвярджала ведамства, 41-гадовы кіроўца мікрааўтобуса Mercedes (яго нацыянальнасьць не ўдакладняецца) спрабаваў увезьці «580 кг асабліва магутнага выбуховага рэчыва замежнай вытворчасьці (мяркуецца, ЗША)» празь беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску «Берасьце». Паводле ведамства, далей груз меў ісьці ў Расею. Экспэртыза мытнай лябараторыі, як было заяўлена, пацьвердзіла, што гэта — «магутнае брызантнае выбуховае рэчыва пэнтаэрытрыттэтранітрат (ТЭН)».
Кіроўцу затрымалі. Мытны камітэт Беларусі завёў на кіроўцу і іншых неўстаноўленых асобаў крымінальную справу па ч. 2 ст. 3331 КК (незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу выбуховых рэчываў). Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
7 красавіка Міністэрства замежных спраў Беларусі папракнула ў халатнасьці супрацоўнікаў польскай мытні, якія, як сьцьвярджалася, прапусьцілі партыю выбухоўкі.
У той жа дзень неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі паведаміў пра яго тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, які, як сьцьвярджалася, падзякаваў беларускаму боку «за затрыманьне найбуйнейшай партыі асабліва небясьпечнага грузу — выбухоўкі». У расейскіх афіцыйных СМІ нічога пра такую падзяку не паведамлялася.
Форум