Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошук амэрыканскіх вайскоўцаў у Літве працягваецца. Машыну знайшлі, пра целы інфармацыі няма


Пошукавая апэрацыя ў Падбродзьдзі
Пошукавая апэрацыя ў Падбродзьдзі

Аўтамашыну, на якой ехалі амэрыканцы, пакуль не ўдаецца выцягнуць з балота.

На палігон у Падбродзьдзі (Pabradė) прыяжджаў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. А ратавальная апэрацыя, тым часам, працягваецца. Ратавальны аўтамабіль M88 Hercules з чатырма амэрыканскімі вайскоўцамі на борце прапаў бязь вестак у аўторак, 25 сакавіка ў час вучэньняў.

Пасьля актыўных пошукавых работ тэхніку адшукалі на глыбіні каля пяці мэтраў у дрыгве ў межах палігону. Пакуль незразумела, ці ёсьць у машыне, пра якую ідзе гаворка, вайскоўцы, якія зьніклі бязь вестак.

Пакуль ратавальнікі спрабуюць выцягнуць вайсковую тэхніку на паверхню. Напярэдадні, у суботу, 29 сакавіка, вадалазы амэрыканскіх ВМС увайшлі ў балота, але дабрацца да аўтамабіля ня здолелі.

Міністарка нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакаліене сказала журналістам, што на месца ёсьць патрэба адправіць яшчэ адзін падразьдзел ратавальнікаў, а таксама больш грузавікоў для выдаленьня глею. Капаць балота пры гэтым даводзіцца вельмі далікатна, бо ў ім могуць быць целы амэрыканскіх вайскоўцаў.

У нядзелю ў Віленскай катэдры адбудзецца імша за амэрыканскіх жаўнераў, піша агенцтва BNS. Імша, якую ўзначаліць арцыбіскуп Гінтарас Грушас, пакажуць на нацыянальным канале LRT.

У маштабнай ратавальнай апэрацыі ўдзельнічаюць вайскоўцы Літвы і ЗША, а таксама экстраныя службы Літвы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG