У Беларусі цяпер у лістах чаканьня на эндапратэзаваньне знаходзяцца 19 тысяч 797 пацыентаў. Такая лічба была агучаная на нарадзе па выніках працы траўматоляга-артапэдычнай службы Беларусі за 2024 год і задачах на 2025 год. Справаздачу з нарады публікуе «Медицинский вестник».
Галоўны пазаштатны траўматоляг-артапэд Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Герасіменка паведаміў, што ў канцы 2024 году ў бальніцах і клініках працавалі 750 лекараў-траўматолягаў-артапэдаў, зь іх 111 дактароў аказвалі дапамогу дзецям.
Укамплектаванасьць, паводле Герасіменкі, склала 71,2 адсотка, а кваліфікацыйныя катэгорыі былі ў 79,1% лекараў. Апэратыўнай тэхнікай эндапратэзаваньня тазасьцегнавых і каленных суставаў у краіне валодаюць 246 лекараў-траўматолягаў-артапэдаў (на травень 2022-га іх было 170).
Міхаіл Герасіменка адзначыў, што на 23 траўня 2023 году ў чарзе на замену суставаў знаходзіліся 29 тысяч 862 чалавекі, але, сказаў ён, «праводзіцца актыўная працуа па скарачэньні колькасьці пацыентаў у лістах чаканьня і тэрмінаў чаканьня (сёньня не перавышае 12 месяцаў»).
Міхаіл Герасіменка дадаў, што эндапратэзаваньне буйных суставаў, якое адносіцца да сацыяльна значных апэрацый у Беларусі, робяць у 46 клініках. Сярод задач на 2025 год — скарачэньне часу чаканьня на эндапратэзаваньне тазасьцегнавага сустава да шасьці месяцаў, каленнага — да 12 месяцаў. На іншыя плянавыя апэрацыі, сказаў ён, будзе прадугледжана да месяца.
У сувязі з гэтай інфармацыяй партал «Зеркало» нагадвае, што ў Беларусі ня першы год не ўдаецца вырашыць пытаньне з чэргамі на замену суставаў. Раней у траўні 2023-га Аляксандр Лукашэнка патрабаваў да канца 2024 году праапэраваць усіх, хто на той момант стаяў у чарзе на эндапратэзаваньне буйных суставаў.
Справа артапэдаў
- У сакавіку 2022 году ў рамках так званай «справы артапэдаў» затрымалі 35 лекараў па ўсёй Беларусі. Іх абвінавацілі ў атрыманьні хабару за лабіяваньне эндапратэзаў пэўных вытворцаў.
- Прыватным клінікам (за выключэньнем «Мерсі», зьвязанай зь сям’ёй Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы. «Мерсі» на нейкі час стала адзінай клінікай у Беларусі, якая па-ранейшаму ставіла імпартныя пратэзы, але ў тры разы даражэй, чым да таго ў дзяржаўных бальніцах.
- Пасьля гэтага зьявіўся загад Мінздароўя, паводле якога ўсе імпартныя пратэзы павінны былі набывацца толькі празь дзяржаўнае прадпрыемства «Белмэдтэхніка». Жыцьця пацыентам гэта ніяк не аблягчыла — толькі чэргі на пратэзаваньне суставаў сталі нашмат большыя.
- 27 лютага 2023 кіраўніца сталай камісіі парлямэнту па ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак паведаміла, што нямецкія кампаніі адмовіліся пастаўляць у Беларусь пратэзы тазасьцегнавых суставаў і «нават лякалы», на аснове якіх пратэзы выраблялі ў Беларусі. Паводле яе, улады працягваюць перамовы зь імі, а таксама пачалі разглядаць у якасьці магчымых альтэрнатыўных пастаўшчыкоў Кітай і Індыю.
- Сёлета 23 траўня Лукашэнка зрабіў чарговы разнос мэдыкам і загадаў на працягу году зрабіць пратэзаваньне суставаў усім, хто мае ў гэтым патрэбу і стаіць у чарзе.
- У траўні 2023 году стаў вядомы прысуд двум траўматолягам зь Берасьця, якіх таксама затрымалі ў сакавіку 2022 году і асудзілі паводле падобных абвінавачаньняў. Загадчыка траўматалягічнага аддзяленьня Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой бальніцы Андрэя Варановіча асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі», а былога галоўнага траўматоляга вобласьці Сяргея Кісяля — на 4 гады калёніі з адтэрміноўкай на 2 гады, а таксама на вялізны штраф.
- У жніўні 2023 году сталі вядомыя прысуды яшчэ тром траўматолягам Менскага абласнога шпіталя. Прозьвішчы лекараў дакладна не вядомыя, бо ў апублікаваным прысудзе прыводзяцца толькі ініцыялы. Усе яны працавалі ў Менскім абласным шпіталі: М. і А. былі там у штаце, а Б., будучы дацэнтам катэдры траўматалёгіі і артапэдыі БелМАПА, прымаў у шпіталі пацыентаў і праводзіў апэрацыі. У чэрвені 2023 гооду па выніках судоў М., Б. і А. прызначылі па два з паловай гады «хатняй хіміі» са штрафам 500 базавых велічынь кожнаму (18 500 рублёў) без пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады. Пры гэтым паводле амністыі кожнаму зьнялі па годзе пакараньня — засталося 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.
Форум