Апэляцыйны суд у Познані вынес канчатковае рашэньне па справе аб шпіянажы, узмацніўшы пакараньне грамадзяніну Беларусі Андрэю Р., паведамляе партал tvn24.pl.
Тэрмін зьняволеньня беларусу павялічаны з трох да чатырох гадоў.
Прысуд у дачыненьні да другога фігуранта справы — беларуса Дзьмітрыя Н. — адменены, адзначае tvn24.pl. Раней суд першай інстанцыі яго апраўдаў, цяпер гэтае рашэньне накіраванае на перагляд.
Судовы працэс у Познані праходзіў у закрытым рэжыме.
Судзьдзя Яраслаў Ахоцкі падкрэсьліў, што адвакат Андрэя Р. у апэляцыі адзначыў неабгрунтаванасьць абвінавачаньня ў прыхоўваньні яго кліентам свайго вайсковага мінулага. Аднак, паводле меркаваньня суду, дзейнасьць падразьдзяленьня, у якім служыў мужчына, «накіраваная на атрыманьне інфармацыі, карыснай для беларускіх службаў».
Суд прыйшоў да высновы, што асуджаны быў штатным супрацоўнікам беларускіх спэцслужбаў.
«Бясспрэчным фактам», даказаным падчас працэсу, Ахоцкі назваў тое, што пасьля затрыманьня беларуса ў гатэль, дзе ён жыў, паступіла шмат тэлефонных званкоў ад невядомай жанчыны, якая хацела даведацца, што зь ім здарылася. Пры гэтым нумары тэлефонаў, зь якіх яна званіла, «ўказвалі на розныя краіны», а значыць, жанчына выкарыстоўвала тэхналёгіі для маскіроўкі свайго месцазнаходжаньня. Суд прыйшоў да высновы, што гэтыя абставіны сьведчаць пра «інстытуцыялізаваную форму дзеяньняў», якая «недаступная звычайнаму чалавеку».
29 красавіка 2024 году суд Познані прызнаў 51-гадовага грамадзяніна Беларусі, вайскоўца ў адстаўцы Андрэя Р., вінаватым у шпіянажы на карысьць Менску і прызначыў яму тры гады пазбаўленьня волі.
Пракуратура патрабавала прызначыць пяць гадоў зняволеньня.
Суд адзначыў, што доказаў віны асуджанага няшмат, але гэта сьведчыць «пра высокі прафэсіяналізм абвінавачанага і ўменьне пазьбягаць выкрыцьця».
Суд улічыў кароткі тэрмін збору зьвестак пра вайсковыя аб’екты ў Польшчы, а таксама адсутнасьць доказаў таго, што фігурант пасьпеў іх камусьці перадаць.
Другі фігурант справы — 57-гадовы музыка і кіроўца Дзьмітры Н. — быў апраўданы праз адсутнасьць доказаў. Гэты мужчына да рашэньня суду быў вызвалены з-пад варты з умовай не пакідаць Польшчу. Судзьдзя адмяніла ў дачыненьні да яго паліцэйскі нагляд і абмежаваньне на выезд.
- Судовы разгляд цягнуўся з 19 кастрычніка 2023 году ў закрытым рэжыме.
- Сьледзтва меркавала, што мужчыны прыехалі ў Польшчу працаваць кіроўцамі, аднак іх асноўнай мэтай было назіраньне за вайсковымі і грамадзянскімі аб’ектамі, якія маюць крытычна важнае значэньне для абароназдольнасьці краіны. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, яны зьбіралі інфармацыю менш за месяц — з 6 сакавіка па 4 красавіка 2022 году.
- Згодна з абвінавачваньнем, такім чынам фігуранты прымалі ўдзел «у дзейнасьці службы зьнешняй выведкі Галоўнага выведнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь, накіраванай супраць Рэспублікі Польшча».
Форум