Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, колькі расейцаў вучацца ў беларускіх ВНУ, у тым ліку бясплатна ў межах уведзеных для іх квотаў


Будынак юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску. Архіўнае фота.
Будынак юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску. Архіўнае фота.

У беларускіх ВНУ праходзіць навучаньне каля 2 тысяч грамадзян Расеі, паведаміў 28 сакавіка на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.

Агулам, паводле яго слоў, у ВНУ Беларусі вучыцца каля 30 тыс. іншаземцаў. Піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Пішчоў падкрэсьліў, што расейцы могуць выкарыстоўваць «шэраг траекторый» для навучаньня ва ўнівэрсытэтах Беларусі, яны маюць права атрымліваць вышэйшую адукацыю нароўні з беларускімі грамадзянамі (як за кошт бюджэту, так і платна), а таксама як замежнікі.

У 2024 годзе для абітурыентаў з Расеі ў беларускіх ВНУ ўпершыню была ўведзена квота — тысяча бюджэтных месцаў, зь якіх было выкарыстана толькі 30%.

Пасьля заканчэньня навучаньня за кошт беларускага бюджэту грамадзяне Расеі павінны адпрацаваць па разьмеркаваньні два гады. Яны будуць мець усе правы маладых спэцыялістаў.

У Расеі таксама ёсьць квота на навучаньне за кошт бюджэту беларускіх грамадзян — 1,3 тыс. месцаў у 2024 годзе (без зьменаў у параўнаньні з 2023-м). Паводле інфармацыі Мінадукацыі РФ, беларусы, якія паступілі па квоце, маюць права на стыпэндыю і месца ў інтэрнаце. Абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў у расейскіх ВНУ няма.

У 2023 годзе ў расейскія ВНУ паступіла 2.166 грамадзян Беларусі, гэта 7% ад колькасьці ўсіх замежных абітурыентаў Расеі.

Да высновы, што асноўнымі кірункамі студэнцкай эміграцыі беларусаў застаюцца Расея і Польшча, прыйшлі аўтары дасьледаваньня, праведзенага інстытутам «Палітычная сфэра». Згодна з дасьледаваньнем, прывабнасьць заходнеэўрапейскай адукацыі для беларускіх абітурыентаў вельмі вялікая, і цікавасьць працягвае расьці нягледзячы на тое, што адносіны Беларусі з суседнімі краінамі за апошнія гады значна пагоршыліся. Калі ў 2013 годзе ў Эўропе вучылася каля 10 тысяч студэнтаў з Беларусі, то ў 2023-м іх было больш за 18 тыс. Заахвочвальнымі матывамі для выезду дасьледчыкі назвалі палітычны крызіс 2020 года ў Беларусі і пачатак поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022-м.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG