Рэальная колькасьць ахвяраў можа быць большая: многія засталіся пад заваламі, якія разьбіраюць выратавальныя службы. Сотні людзей лічацца зьніклымі бязь вестак, сувязі зь імі няма.
Землятрус магнітудай у 7,7 балаў адбыўся ў пятніцу каля поўдня, затым адбыліся яшчэ некалькі падземных штуршкоў. Эпіцэнтар знаходзіцца побач з горадам Мандалай — другім па велічыні горадам у М’янме. Бедства закранула таксама і поўнач Тайлянду. Штуршкі адчуваліся і ў прымежных рэгіёнах Кітаю, у Індыі, Бангладэш і Лаосе.
Вайсковы ўрад Мʼянмы днём у пятніцу заявіў аб 144 загінуўшых і 730 параненых, удакладніўшы, што гэта не канчатковыя лічбы. У сталіцы Тайлянду Бангкоку абрынуўся будынак, там загінулі як мінімум восем чалавек, больш за сто яшчэ застаюцца пад заваламі. Мэрыя Бангкоку ўвяла ў горадзе надзвычайнае становішча.
Стыхійным бедзтвам разбураныя жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі, пашкоджаныя дарогі і масты. У многіх рэгіёнах Мʼянмы і Тайлянду не працуе мабільная сувязь.
Паводле ацэнак сэйсмолягаў, гэта самы магутны землятрус у Мʼянме з 1946 году, і самы магутны ў сьвеце пасьля землятрусу 2023 году ў Турэччыне, які забраў жыцьці больш за 50 тысяч людзей.
- Мʼянма — адна з самых бедных краін Азіі. Пасьля вайсковага перавароту 2021 году некалькі мільёнаў яе жыхароў сталі вымушанымі перасяленцамі і залежаць ад гуманітарнай дапамогі. Значную частку гэтай дапамогі аказвала амэрыканскае дзяржаўнае агенцтва ў міжнародным разьвіцьці USAID. Пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп замарозіў фінансаваньне USAID, гуманітарная дапамога Мʼянме аказалася пад пытаньнем. «Гэты землятрус адбыўся ў самы няўдалы для Мʼянмы час», — сказаў прадстаўнік Amnesty International у Мʼянме Джо Фрыман.
Форум