Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі паведаміла аб «ліквідацыі» падазраванага ў падвойным забойстве


Будынак МУС Беларусі. Архіўнае фота
Будынак МУС Беларусі. Архіўнае фота

Сьмяротны інцыдэнт адбыўся ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці.

Аб «ліквідацыі» падазраванага ў падвойным забойстве ў Рагачоўскім раёне паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў. Адзначаецца, што 27 сакавіка «ў міліцыю паступіла паведамленьне, што ў вёсцы Старое Сяло адбылося забойства».

«Прыбыўшы на месца, праваахоўнікі знайшлі целы мужчыны і жанчыны 53 і 58 гадоў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле папярэдніх зьвестак, напярэдадні ў адным з дамоў вёскі «адбывалася застольле са сьпіртным».

«Празь некалькі гадзін п’яной бяседы ўспыхнула сварка, 52-гадовы раней неаднаразова суджаны мужчына схапіў стрэльбу і ва ўпор расстраляў жанчыну і яе сужыцеля», — заяўляе МУС.

Пасьля забойства, як сьцьвярджаецца, «узброены злачынец схаваўся ў лясным масіве», «неадкладна па трывозе былі паднятыя спэцыяльныя падразьдзелы МУС».

«У ходзе пошукавых захадаў зламысьнік быў знойдзены, учыніў узброены супраціў і быў зьліквідаваны», — напісала ведамства.

Паведамляецца, што да месца падзей «выбыў» міністар унутраных справаў Іван Кубракоў.

Гэта як мінімум трэцяя сьмерць пры затрыманьні міліцыяй зь лістапада 2023 году.

13 жніўня 2024 году МУС паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі з ужываньнем агнястрэльнай зброі затрымалі ў Менску Аляксандра Ліпскага, які ўчыніў узброены супраціў. Пазьней у той самы дзень стала вядома, што ён памёр ад атрыманых пры яго захопе раненьняў. Мужчына быў у вышуку паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні забойства.

19 лістапада 2023 года пры званку ў Рэчыцкі РАУС (Гомельская вобласьць) жыхар вёскі Ліскі заявіў, што ў бок яго дому стралялі знаёмыя. Міліцыянты затрымалі 36-гадовага мужчыну. Другога знайшлі з паляўнічай стрэльбай на вясковай вуліцы.

«На неаднаразовыя патрабаваньні пакласьці зброю на зямлю вясковец не рэагаваў і рухаўся з стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і цывільных асобаў. Супрацоўнікі зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паражэньне», — паведаміла тады прэс-служба МУС. Мужчына памёр у лякарні.

Затрыманьні са стральбой адбываюцца ў Беларусі рэгулярна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG