Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Міністэрства ўнутраных спраў на 27 сакавіка 2025 году прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» 269 груп грамадзян, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, у рамках крымінальных спраў, заведзеных паводле арт. 3611 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім) асуджана ня менш за 258 чалавек, 58 зь іх — завочна.
Адзначаецца, што прысуды вынесеныя ў дачыненьні да 22 журналістаў, 11 блогераў, шасьці юрыстаў і адвакатаў, 24 актывістаў, 10 былых сілавікоў, 31 палітыка, 19 дзеячаў культуры.
«Сярод асуджаных — 41 жанчына. 36 чалавек асуджаныя за „ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні“ за падтрымку Ўкраіны ў вайне», — гаворыцца ў паведамленьні.
Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што першы прысуд паводле згаданага артыкулу (у спалучэньні зь іншымі) быў вынесены 6 верасьня 2021 году палітыку Марыі Калесьнікавай (11 гадоў зьняволеньня) і адвакату Максіму Знаку (10 гадоў).
Праваабаронцы адзначаюць, што арт. 3611 быў уведзены ў Крымінальны кодэкс у 2016 годзе з фармулёўкай «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, кіраваньне ім або яго структурнай адзінкай».
Шырокае прымяненне такая форма палітычнага пераследу аатрымала пасля падзей 2020 года.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум