Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом заявіў, што ЗША дамовіліся з Украінай і Расеяй аб бясьпечным суднаходзтве ў Чорным моры


Падчас перамоваў
Падчас перамоваў

Белы дом апублікаваў дзьве заявы па выніках перамоваў з расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі 23-25 ​​сакавіка ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія).

У іх гаворыцца, што ЗША дамовіліся з Украінай і Расеяй забясьпечыць бясьпечнае суднаходзтва, выключыць прымяненьне сілы і не дапускаць выкарыстаньня камэрцыйных судоў у ваенных мэтах у Чорным моры.

Злучаныя Штаты, як паведамляецца, дапамогуць аднавіць доступ Расеі да сусьветнага рынку для экспарту сельгаспрадукцыі і ўгнаеньняў, зьнізіць кошт страхаваньня марскіх перавозак, а таксама пашырыць доступ да партоў і плацёжных сыстэм для такіх апэрацый. Акрамя таго, бакі дамовіліся распрацаваць меры па рэалізацыі дамоўленасьці аб забароне ўдараў па энэргетычных аб’ектах.

«ЗША і Расея вітаюць добрыя паслугі трэціх краін у мэтах падтрымкі рэалізацыі энэргетычных і марскіх пагадненьняў. Злучаныя Штаты і Расея будуць працягваць працаваць над дасягненьнем трывалага і працяглага міра», — сказана ў заяве.

Як паведамляецца, Злучаныя Штаты пацьвердзілі настойлівае патрабаваньне прэзыдэнта Дональда Трампа спыніць забойствы з абодвух бакоў расейска-ўкраінскага канфлікту як неабходны крок да дасягненьня трывалага мірнага ўрэгуляваньня. З гэтай мэтай Злучаныя Штаты будуць працягваць садзейнічаць перамовам паміж абодвума бакамі для дасягненьня мірнага ўрэгуляваньня ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, дасягнутымі ў Эр-Рыядзе.

З боку ЗША ў перамовах удзельнічалі старэйшы дырэктар па Эўропе Рады нацбяспекі Эндру Пік і высокапастаўлены чыноўнік Дзярждэпартамэнта Майкл Антон. Расейскую дэлегацыю прадстаўлялі старшыня камітэта Рады Фэдэрацыі па міжнародных справах Рыгор Карасін і дарадца дырэктара ФСБ Сяргей Беседа, паведамляюць расейскія дзяржаўныя СМІ.

У заяве Крамля па выніках перамоваў дэлегацый ЗША і Расеі ў Эр-Рыядзе 24 сакавіка гаворыцца, што перамірʼе на Чорным моры пачнецца толькі пасьля зьняцьця санкцый з «Россельхозбанка» і расейскіх вытворцаў харчаваньня і ўгнаеньняў. У якасьці ўмоваў для перамірʼя Масква таксама называе зьняцьце абмежаваньняў на пастаўкі ў Расею сельскагаспадарчай тэхнікі і іншых тавараў, задзейнічаных у вытворчасьці прадуктаў харчаваньня і ўгнаеньняў, а таксама адмену санкцый з расейскіх судоў, якія займаюцца перавозкамі харчаваньня і ўгнаеньняў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што ў Саудаўскай Арабіі дасягнутыя дамоўленасьці аб спыненьні агню на Чорным моры і забароне на ўдары па абʼектах энэргетыкі. Па словах Зяленскага, мараторый на ўдары можа пачаць дзейнічаць адразу пасьля публікацыі заявы адміністрацыі ЗША.

Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што Вашынгтон прапанаваў Кіеву новую ўгоду па карысных выкапнях. «Гэта сурʼёзны дакумэнт, а такі дакумэнт будзе распрацоўвацца бакамі, а потым ісьці ў парлямэнт для ратыфікацыі», — сказаў Зяленскі на брыфінгу, удакладніўшы, што ў пагадненьні не ўзьнімаецца пытаньне аб атамных станцыях.

  • 23-25 сакавіка прадстаўнікі ЗША правялі ў Эр-Рыядзе двухбаковыя перамовы на тэхнічным узроўні з украінскай дэлегацыяй.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG