Чацьвера амэрыканскіх вайскоўцаў і бронеаўтамабіль зьніклі ў аўторак пасьля вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) ў Літве, паведаміла LRT са спасылкай на прэсавую службу літоўскай арміі.
Увечары генэральны сакратар NATO Марк Рутэ сказаў агенцтву Reuters, што вайскоўцы загінулі. Але пазьней прэс-служба NATO патлумачыла, што сьмерці не пацьверджаныя і пошукі працягваюцца.
Амэрыканскае выданьне The New York Times піша са спасылкай на прадстаўніка амэрыканскай арміі, што машына вайскоўцаў магла патануць у балоце.
У ранішняй заяве Ўзброеных сілаў Літвы гаворылася, што пра зьнікненьне стала вядома каля 16.45 паводле мясцовага часу 25 сакавіка. Паведамлялася, што ў той жа дзень пачалі пошук з удзелам літоўскіх і замежных вайскоўцаў, ратавальных і пажарных службаў і што вызначана магчымае месца здарэньня.
Камандаваньне Арміі ЗША ў Эўропе і Афрыцы таксама пацьвердзіла зьнікненьне чатырох амэрыканскіх вайскоўцаў. Паведамляецца, што салдаты з 1-й брыгады, 3-й пяхотнай дывізіі праводзілі тактычныя вучэньні ў часе зьнікненьня.
«Я б хацеў асабіста падзякаваць Узброеным сілам Літвы, і тым хто хутка прыйшоў на дапамогу ў апэрацыі пошуку, — цытуюць у заяве генэрал-лейтэнанта Чарлза Канстанцу, камандуючага 5-м корпусам — Менавіта такая сумесная праца і падтрымка ілюструюць важнасьць нашага партнэрства і нашай чалавечнасьці незалежна ад таго, якія сьцягі мы носім на плячах».
Паводле паліцыі, 25 сакавіка ў 19:20 віленскія ўлады атрымалі паведамленьне пра тое, што салдаты зьніклі бязь вестак пасьля вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) ў Швянчонскім (Сьвянцянскім) раёне на ўсходзе Літвы.
Раней прэс-сакратар узброеных сіл Літвы маёр Гінтаўтас Цюніс у размове з агенцтвам BNS ня стаў камэнтаваць сытуацыю: «Я магу толькі сказаць, што гэта замежныя вайскоўцы».
Старшыня парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Гедрымас Яглінскас заявіў радыё LRT, што ведае пра зьнікненьне, але ня даў дадатковай інфармацыі.
«Ёсьць просьба ад вайскоўцаў і сілаў, якія праводзілі вучэньні, праяўляць разважлівасьць у гэты час і не рабіць ніякіх камэнтароў. Давайце будзем паважаць гэта, дазволім адбывацца ўсім працэдурам. Залучаныя паліцыя і ўсе элемэнты, якія павінны, ідзе расьсьледаваньне», — сказаў палітык.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа казаў, адказваючы на пытаньні журналістаў: «Мне пастаянна паступае інфармацыя, якую я пакуль не магу пацьвердзіць. Зараз высьвятляюцца абставіны, высьвятляецца, што менавіта адбылося, і як толькі яна пацьвердзіцца, я лічу, што грамадзкасьць даведаецца пра гэта ў поўным аб’ёме».
Форум