У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў (МНС) Беларусі паведамілі, што ў выніку моцнага ветру з парывамі ў 223 паселішчах былі праблемы з электраэнэргіяй.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, у Горацкім і Мсьціслаўскім раёнах Магілёўскай вобласьці ў 6 паселішчах пашкоджаныя дахі 3 жылых дамоў, 2 школаў, 6 сельскагаспадарчых і аднаго гаспадарчага памяшканьняў.
«Пацярпелых няма. Супрацоўнікі МНС праводзілі працы па расьпілаваньні трох дрэваў, якія ўпалі», — удакладнілі ў МНС.
Паводле прадпрыемства «Белэнэрга», у адным паселішчы Берасьцейскай вобласьці, 121 Віцебскай, 15 Гомельскай, 31 Горадзенскай, 45 Менскай і 10 Магілёўскай пэрыядычна адключалася электраэнэргія.
«Без электразабесьпячэньня застаюцца 9 паселішчаў (Гомельская — 3, Менская — 6) і 41 трансфарматарная станцыя», — удакладнілі ў МНС Беларусі.
25 сакавіка на ўсёй тэрыторыі Беларусі абвясьцілі жоўты ўзровень небясьпекі.
Гэта азначае, што ў асобных раёнах чакаюцца неспрыяльныя мэтэаралягічныя зьявы, звычайныя для тэрыторыі краіны, але патэнцыйна небясьпечныя для асобных відаў сацыяльна-эканамічнай дзейнасьці.
Сярод фактараў небясьпекі ў МНС назвалі зьніжэньне бачнасьці на дарогах праз туман, ускладненьне руху транспарту, рост імавернасьці ДТЗ.
Удзень прагназуюць воблачнае з праясьненьнямі надвор’е, дажджы пераважна на ўсходзе, вецер пераменны 4–9 мэтраў за сэкунду. Тэмпэратура паветра ад +7 да +13°С.
Форум