Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты «Голасу Амэрыкі» падалі ў суд, каб аднавіць працу пасьля ўказу Трампа


Сымболіка «Голасу Амэрыкі»
Сымболіка «Голасу Амэрыкі»

Група, у якую ўваходзяць шэсьць журналістаў «Голасу Амэрыкі» і грамадзкія арганізацыі, падала ў суд на адміністрацыю Дональда Трампа і іншых чыноўнікаў, абвінаваціўшы іх у незаконным закрыцьці некалькіх тэлерадыёкампаній, якія фінансуюцца амэрыканскай дзяржавай.

Пазоў скіраваны да выканаўцы абавязкаў кіраўніка USAGM Віктара Маралеса і яго дарадца Кэры Лэйк, у ім гаворыцца, што дзеяньні адміністрацыі Трампа парушылі правы супрацоўнікаў «Голасу Амэрыкі».

У пазове, пададзеным 21 сакавіка ў Паўднёвай акрузе Нью-Ёрка, заяўляюць, што адміністрацыя Трампа выкарыстала для ўціску гэтых СМІ Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя (USAGM) пасьля ўказу Трампа, падпісанага тыднем раней.

Указ датычыў сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку USAGM, у ім загадвалі скараціць выкананьне сваіх статутных функцый і зьвязанага зь імі пэрсаналу да мінімальнай колькасьці, прадугледжанай законам.

Праз некалькі гадзін супрацоўнікі «Голасу Амэрыкі» былі накіраваныя ў адміністрацыйны адпачынак, а іх памяшканьне зачынілі.

У пазове таксама просяць суд аднавіць працу інфармацыйных кампаній, атрымальнікаў грантаў ад USAGM, і аднавіць фінансаваньне грантаў, у тым ліку для Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL), Радыё Свабодная Азія (RFA) і Блізкаўсходняй сеткі вяшчаньня (MBN) і іншых. Гранты гэтых СМІ былі спыненыя ў той жа дзень, калі быў закрыты «Голас Амэрыкі».

Акрамя шасьці журналістаў «Голасу Амэрыкі», пазоў пададзены ад імя шэрагу амэрыканскіх і міжнародных арганізацый.

Пазоў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода

Раней Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода таксама падало ў суд, каб аднавіць фінансаваньне.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) падало ў суд на Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), а таксама на прадстаўнікоў USAGM Кэры Лэйк і Віктара Маралеса, каб заблякаваць іхную спробу скасаваць фэдэральны грант на дзейнасьць РСЭ/РС.

Паводле пазову, пададзенага РСЭ/РС у Акруговы суд у Вашынгтоне, скасаваньне гранту парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША. Адмова ў сродках, якія ўжо выдаткаваў Кангрэс ЗША, пярэчыць Канстытуцыі, якая надзяляе Кангрэс выключным правам вызначаць фэдэральныя выдаткі.

Справу будзе разглядаць Акруговы суд Злучаных Штатаў для акругі Калюмбія ў Вашынгтоне.

14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).

«Цягам 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.

Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.

Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старэйшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.

Лэйк была вылучана Трампам на пасаду кіраўніка «Голасу Амэрыкі», хоць яе кандыдатура яшчэ павінна быць ухваленая кансультацыйнай радай міжнароднага вяшчаньня.

  • Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG