Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне на акцыях пратэсту з-за арышту мэра Стамбула, які кінуў выклік Эрдагану, затрымалі больш за 300 чалавек


Пратэсты ў Турэччыне
Пратэсты ў Турэччыне

Экрэма Імамаглу, мэра Стамбула, лічаць галоўным палітычным праціўнікам прэзыдэнта Эрдагана.

У Турэччыне працягваюцца масавыя пратэсты пасьля арышту мэра Стамбула Экрэма Імамаглу, аднаго з галоўных палітычных апанэнтаў прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Як паведаміла 22 сакавіка МУС Турцыі, толькі ў пятніцу ў дзевяці гарадах, у тым ліку ў Анкары і Стамбуле, былі затрыманыя 343 удзельнікі дэманстрацый.

Міністар унутраных спраў Алі Эрлікая абвінаваціў дэманстрантаў у спробе «парушыць грамадзкі парадак і справакаваць хаос». Акрамя ўдзельнікаў акцыяў, асобна затрымалі яшчэ 56 чалавек нібыта за распальваньне беспарадкаў праз сацыяльныя сеткі.

Экрэм Імамаглу быў затрыманы раніцай 19 сакавіка. Яго і яшчэ каля 100 чалавек абвінавацілі ў карупцыйных злачынствах і стварэньні злачыннай групы, якая займалася вымагальніцтвам у бізнэсу.

Імамаглу, якога Рэспубліканская народная партыя рыхтуецца вылучыць кандыдатам у прэзыдэнты, назваў справу палітычна матываванай. У сацсетках ён заявіў, што расьсьледаваньне было «палітычным пераваротам», і заклікаў грамадзян да адпору.

Мінюст Турцыі сьцьвярджае, што справа ня мае палітычнай асновы.

Таксама былі затрыманыя дарадца мэра Мурат Ангун і дырэктар перадвыбарнай кампаніі Імамаглу Нэджаці Шахін.

Дзяржаўнае агенцтва Anadolu паведаміла, што пракуратура санкцыянавала арышт мэра і яшчэ каля 100 чалавек, у ліку якіх прадстаўнікі бізнэсу і журналісты.

У пракуратуры, у прыватнасьці, сьцьвярджаюць, што мэр Стамбула і «многія іншыя асобы» прымушалі бізнэсоўцаў аддаваць грошы, атрымлівалі несправядлівы прыбытак і адмывалі сродкі, атрыманыя ад злачыннай дзейнасьці. Ведамства называе Экрэма Імамаглу «кіраўніком злачыннай арганізацыі».

Сам мэр Імамаглу перад затрыманнем напісаў у сацыяльнай сетцы Х:

«Воля народу ня можа быць задушаная запалохваннем або незаконнымі дзеяннямі. Я давяраю свой лёс ня толькі 16 мільёнам жыхароў Стамбула, але і 86 мільёнам грамадзян Турэччыны і ўсім, хто падтрымлівае дэмакратыю і справядлівасць ва ўсім свеце. Я непахісны ў сваёй барацьбе за асноўныя правы і свабоды».

У Турэччыне затрыманьне Імамаглу выклікала масавыя пратэсты. У Стамбуле і іншых гарадах людзі выходзяць на вуліцы, нягледзячы на ўрадавую забарону на масавыя мерапрыемствы. Паліцыя забарыкадавала падыходы да сваёй стамбульскай штаб-кватэры, каб спыніць дэманстрантаў.

Пасьля затрыманьня Імамаглу курс турэцкай ліры рэзка ўпаў. Паступаюць паведамленьні пра блякаваньне сацсетак.

  • Амаль год таму Экрэм Імамаглу перамог на выбарах мэра Стамбула. Тады кіраўнікамі больш за турэцкіх 30 рэгіёнаў, уключаючы Стамбул і Анкару, сталі прадстаўнікі апазыцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі.
  • Стамбул — найбуйнейшы горад Турэччыны, у ім пражывае больш за 15 мільёнаў чалавек. Пасьля сваёй перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 2023 года і распаду апазыцыйнай кааліцыі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган спадзяваўся вярнуць Стамбул пад кантроль прэзыдэнцкай Партыі справядлівасьці і разьвіцця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG