Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваюць судзіць за дывэрсіі на чыгунцы, пакаралі за гэта як мінімум 34 чалавекі


Спаленая рэлейная шафа на Беларускай чыгунцы пад Асіповічамі. Архіўнае фота
Спаленая рэлейная шафа на Беларускай чыгунцы пад Асіповічамі. Архіўнае фота

Ня меней за 34 чалавекі былі асуджаныя за «наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін» або замах на гэта (артыкул 309 КК) з сярэдзіны 2020 году, падлічылі праваабаронцы «Вясны».

Паводле праваабаронцаў «Вясны», 19 асуджаных «рэйкавых партызанаў» да гэтага часу ўтрымліваюцца ў зьняволеньні, чацьвёра асуджаныя завочна, у тым ліку ўкраінец Мікалай Швец, якога ў кастрычніку 2024 года Ўкраіна абмяняла як палоннага.

Праваабаронцы адзначаюць, што дывэрсіі на чыгунцы ў Беларусі пачаліся яшчэ ў 2020 годзе як форма пратэсту супраць фальшаваньня выбараў, але значна актывізавалася гэтая дзейнасьць у 2022 годзе пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну, якое адбылося ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Першыя суды над затрыманымі ў такіх справах прайшлі ў 2021 годзе. Беларусаў абвінавачвалі ў блякаваньні чыгуначных рэек, у тым ліку з дапамогай дроту. Тады да пазбаўленьня волі асудзілі жыхароў Берасьця, Ліды, Баранавіч, Пухавіч і Віцебскага раёна.

Актыўней гэты артыкул пачалі выкарыстоўваць пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ў лютым 2022 года. Тады Расея актыўна выкарыстоўвала са згоды Лукашэнкі тэрыторыю Беларусі для вайны супраць Украіны. Шмат вайсковай тэхнікі перамяшчалася па чыгуначных шляхах Беларусі. Беларусы з пачаткам вайны выводзілі з ладу чыгуначнае абсталяваньне, каб перашкодзіць руху гэтай тэхнікі.

«Рэйкавых партызан» судзяць па шэрагу крымінальных артыкулаў, сярод якіх «наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (арт. 309 КК) і «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК). Ім прызначалі пазбаўленьне волі тэрмінам ад 11 гадоў калёніі да сьмяротнага пакараньня.

Сярод 34 асуджаных за меркаваныя дывэрсіі на чыгунцы — грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, якога абвінавацілі паводле шасьці цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу і прысудзілі да сьмяротнай кары. Пасьля суду Крыгер напісаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі і ў жніўні 2024 года вярнуўся ў Нямеччыну ў рамках абмену зьняволенымі, які прайшоў паміж ЗША, Расеяй, Нямеччынай і Беларусьсю.

Асобнае месца сярод справаў «рэйкавых партызанаў» таксама займае справа Віталя Мельніка зь вёскі Хадакова Менскага раёна. Згодна з матэрыяламі справы ў ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 года на перагоне Навасады-Барысаў Мельнік падпаліў рэлейную шафу, праз што адбылася затрымка 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў.

Пры затрыманьні беларусу прастрэлілі каленныя суставы. Мельніку прысудзілі 13 гадоў калёніі асаблівага рэжыму, вядома, што доўгі час ён перасоўваўся на мыліцах. Адбываць тэрмін Віталя Мельніка накіравалі ў глыбоцкую калёнію № 13, яго ўтрымліваюць ў асобнай камэры.

Апошні працэс па дывэрсіях на чыгунцы завяршыўся ў лютым 2025 году ў Менскім абласным судзе. Тады нібы за спробу падрыву чыгункі пад Стоўбцамі і здраду дзяржаве асудзілі беларусаў Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку. Ім прызначылі адпаведна 23 і 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і буйныя штрафы.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG