«У гонар міжнароднага сьвята Наўруз і на падставе прынцыпу гуманізму пастанаўляю памілаваць 897 асобаў, асуджаных на пазбаўленьне волі, згодна з далучаным сьпісам і вызваліць іх ад далейшага адбываньня пакараньняў», — гаворыцца ў тэксьце апублікаванага дакумэнту, які цытуе Таджыцкая служба Радыё Свабода.
Сярод памілаваных асуджаныя, якіх пазбавілі волі за ўчыненьне злачынстваў невялікай, сярэдняй і цяжкай ступені і якія адбываюць пакараньне ў папраўчых установах.
Апошнім разам Эмамалі Рахмон памілаваў каля 400 асуджаных у 2020 годзе, адразу ж пасьля таго, як пачаўся яго чарговы прэзыдэнцкі тэрмін.
На студзень 2024 году ў турмах Таджыкістану знаходзіліся больш за 13,5 тысячы чалавек. Зьвесткі на 2025 год апублікаваны не былі.
Апазыцыя, якая знаходзіцца за мяжой, і прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў рэгулярна крытыкуюць улады Таджыкістану за тое, што яны адпраўляюць за краты шмат людзей, і часта на працяглыя тэрміны. Сярод іх: апазыцыянэры, грамадзянскія актывісты, журналісты, адвакаты. Пакуль невядома, ці закрануў іх указ аб памілаваньні.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў красавіку 2024 году назваў «перапоўненасьць таджыцкіх турмаў» сур’ёзнай праблемай.
Вярхоўны суд Таджыкістану 5 лютага прызнаў 31-гадовую журналістку Рухшону Хакімаву вінаватай у «дзяржаўнай здрадзе» і прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўленьня волі, нягледзячы на наяўнасьць у яе немаўляці. Увесь судовы працэс праходзіў у будынку сталічнага СІЗА за зачыненымі дзьвярыма.
У штогадовай справаздачы за 2024 год Камітэт абароны журналістаў заявіў, што мэдыяпрастора ў Таджыкістане знаходзіцца ў «найгоршым стане» за апошнія тры дзесяцігодзьдзі, бо Рахмон сьцьвярджае сябе як «абсалютная ўлада, якая не трывае іншадумства».
Форум