Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інаўгурацыя Лукашэнкі ў Дзень Волі — «парад перамогі» ці прызнаньне?


Картэж Лукашэнкі накіроўваецца на інаўгурацыю, 23 верасьня 2020 году.
Картэж Лукашэнкі накіроўваецца на інаўгурацыю, 23 верасьня 2020 году.

Прызначэньне інаўгурацыі на 25 сакавіка — акт сымбалізма. Гэта знак перамогі над палітычнымі праціўнікамі. Але парадокс у тым, што ўлады сьвяткуюць гэтую дату, няхай і з знакам мінус.

ЦВК Беларусі прызначыў інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі на 25 сакавіка. Нарэшце вырашылася загадка, чаму ўлады цягнулі з гэтай працэдурай, нават хавалі дату яе правядзеньня. 25 сакавіка будзе амаль два месяцы пасьля выбараў 2025 году. Гэта самы позьні тэрмін, магчымы паводле новай Канстытуцыі.

Дагэтуль рэкордам была паўза ў 45 дзён з дня выбараў да дня інаўгарацыі пасьля 2020 году. Але тады, амаль пяць гадоў таму былі асаблівыя, усім вядомыя прычыны, чаму правядзеньне гэтай працэдуры адцягвалі па часе і адбылася яна амаль сакрэтна.

А цяпер усе гадалі, чаму не адбываецца інаўгурацыя. Лукашэнка яшчэ не прыведзены да прысягі, пасьпеў зацьвердзіць склад новага ўраду і накіравацца з афіцыйным візытам у Маскву. Цяпер становіцца больш-менш зразумела лёгіка ўладаў. Час цягнулі таму, што хацелі прызначыць інаўгурацыю на 25 сакавіка — на Дзень Волі. Такі акт сымбалізма. Знак перамогі над палітычнымі праціўнікамі.

Дзень Волі 25 сакавіка — знакавая дата беларускай гісторыі. Гэта пачатак несавецкага праекту беларускай дзяржаўнасьці. З 1918 году ён супрацьстаіць савецкаму варыянту ідэнтычнасьці. Цягам апошніх 40 гадоў канфлікт гэтых двух праектаў стаў чыньнікам палітычнага супрацьстаяньня паміж уладай і дэмакратычнай апазыцыяй. Таму 25 сакавіка ў Беларусі — гэта сымбал расколу і канфлікту двух ідэнтычнасьцяў. Ніводная дата так не падзяляе беларусаў, як Дзень Волі.

Пратэсты 2020 года сталі важнай праявай працэсу станаўлення беларускай нацыі на аснове несавецкай ідэнтычнасьці. Невыпадкова іх сімбаламі сталі традыцыйныя нацыянальныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пратэсты задушаны, нацыянальныя сымбалы дэ факта лічацца экстрэмісцкімі, за іх выкарыстаньне караюць. Вялізны маштаб набыў перасьлед удзельнікаў сьвяткванаьня Дня Волі ў замежжы, іх судзяць завочна, пазбаўляюць маёмасьці, рэпрэсуюць родзічаў.

Цяпер Лукашэнка, жорстка задушыўшы пратэсты, разграміўшы ўсе праявы апазыцынасьці, выціснушы за мяжу і пасадзіўшы ў вязьніцу палітычных праціўнікаў, імкнецца завяршыць гэты працэс сымбалічным актам. Інаўгурацыя 25 сакавіка — гэта своеасаблівы парад перамогі.

Тут не столькі правадыр прысягае на вернасьць народу, колькі кіраўнікі дзяржаўных інстытуцый ад імя народу прысягаюць на вернасьць правадыру. Хіба што да поўнага адзначэньня акта капітуляцыі апанэнтаў і псіхалягічнага самазадавальненьня не хапае калёны палонных (палітвязьняў) на прасьпекце Пераможцаў.

Аднак сам факт таго, што перамогу трэба дэманстраваць, кажа пра няўпэўненасьць уладаў. Бо безумоўныя рэчы не маюць патрэбы ў дэманстрацыі. І тут мы назіраем пэўны парадокс, маем зваротны эфэкт. Прызначэньне інаўгурацыі на 25 сакавіка фактычна азначае, што рэжым прызнае гэтую дату. Як даводзяць палітэхнёлягі, любы Антывобраз узмацняе Вобраз. Атрымоўваецца, што ўлады сьвяткуюць гэтую дату, няхай і з знакам мінус.

У позьні савецкі час была папулярнай п’еса Грыгорыя Горына «Забыть Герастрата!». Сэнс яе ў тым, што чым больш улады імкнуліся перакрэсьліць у гісторыі імя гэтага персанажа, тым мацней яно захоўвалася у гістарычнай памяці. Гучыць даволі актуальна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG