У другой палове дня 19 сакавіка ў частцы Дзяржынску (Койданава), якая сілкуецца ад цэнтральнай кацельні, было адключана ацяпленьне і гарачае водазабесьпячэньне — праз рамонт на магістральных цепласетках, паведамляе мясцовая газта «Ўзвышша».
Адмыслоўцы Дзяржынскага ЖКГ адольвалі наступствамі аварыі да гадзіны ночы, пасьля чаго цяпло і гарачая вада вярнуліся ў дамы.
Намесьнік генэральнага дырэктара Дзяржынскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Пазьняк паведаміў, што працёк на цепласетках знайшлі раней, але праз халоднае надвор’е працаў не пачыналі, каб не пазбаўляць гараджан цяпла ў кватэрах пры мінусавых тэмпэратурах на дварэ.
У сераду, калі ўдзень адчувальна пацяплела, камунальнікі прыступілі да рамонту: зьлілі ваду з сыстэмы, падрыхтавалі да работ участак вуліцы, выразалі сапсаваны элемэнт трубаправоду, усталявалі і зварылі новы.
Аварыйныя працы працягвалі да гадзіны ночы пры сьвятле пражэктараў. Пасьля гэтага пачалі запаўненьне сыстэмы і яе запуск. Сёньня земляныя работы працягнуць, таму рух часткаю вуліцы Пралетарскай будзе закрыты.
Днём 19 сакавіка «Ўзвышша» паведамляла, што адбылася аварыя на цэнтральных магістральных сетках Дзяржынску, праз што пачаўся рамонт. З гэтай прычыны прыйшлося цалкам адключыць ацяпленьне і гарачае водазабесьпячэньне ўва ўсім горадзе — да завяршэньня работ.
Форум