У Грузіі трэцяга прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі прызналі вінаватым у справе аб незаконным перасячэньні мяжы.
Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», вырак абвесьціў сёньня судзьдзя Міхэіл Джынджолія ў Тбіліскім гарадзкім судзе.
За незаконнае перасячэньне мяжы яго пакаралі пазбаўленьнем волі на чатыры гады і шэсьць месяцаў. Паколькі раней яго ўжо асудзілі агулам на 9 гадоў пазбаўленьня волі, судзьдзя паведаміў, што ў выніку колішні прэзыдэнт Грузіі будзе ў зьняволеньні 12 гадоў і 6 месяцаў.
«Гэтым выракам часткова дадаецца да пакараньня, прызначанага выракам Тбіліскага гарадзкога суду ад 12 сакавіка 2025 году. [...] У выніку ў сукупнасьці выракаў Міхэілу Саакашвілі прызначаецца канчатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 12 гадоў і 6 месяцаў», — заявіў судзьдзя.
Такім чынам, Міхэіл Саакашвілі мае застацца ў зьняволеньні да 1 красавіка 2034 году.
Цяпер Саакашвілі ўжо адбывае шасьцігадовы тэрмін. Прысуды яму раней вынесьлі ў дзьвюх іншых справах — аб памілаваньні забойцаў Сандро Гіргуліяні і аб пабіцьці дэпутата Валеры Гелашвілі.
Тэрмін пазбаўленьня волі адлічваецца ад моманту затрыманьня Міхэіла Саакашвілі — 1 кастрычніка 2021 году. У той жа час супраць яго працягваюць судовы працэс у справе аб падзеях 7 лістапада 2007 году.
Форум