У інтэрнэце распаўсюджваюцца відэакадры інцыдэнту. На іх бачна, як кіроўца заяжджае ў натоўп людзей, калі яны ідуць па вуліцы, а затым уцякае зь месца здарэньня.
15 сакавіка дзясяткі тысяч людзей сабраліся ў сталіцы Сэрбіі Бялградзе на студэнцкую акцыю пратэсту супраць краўніцтва краіны. Дэманстранты прыбылі ў сталіцу з усёй Сэрбіі — пешшу, на роварах і матацыклах, паведамляе Балканская служба Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Улады ацанілі колькасьць удзельнікаў пратэсту ў 107 тысяч чалавек.
Напярэдадні прэзыдэнт Аляксандар Вучыч заявіў, што прасіў паліцыю праяўляць стрыманасьць.
Вялікія групы прыхільнікаў Вучыча таксама прыбылі ў Бялград у апошнія дні, сканцэнтраваўшыся ў парку каля яго офіса, таксама ў цэнтры гораду, у гэты лягер на ноч прывезьлі трактары, каб абазначыць тэрыторыю. Да раніцы ў многіх з гэтых трактароў спусьцілі шыны, на некаторых зь іх былі налепкі з акрываўленай рукой і заклікам да пратэстаў. Паліцыя паведаміла, што ў некаторых трактароў ёсьць іншыя пашкоджаньні, у тым ліку разьбітыя вокны або вырваныя дзьверы. Затрымалі двух чалавек.
Масавыя пратэсты ў Сэрбіі працягваюцца з восені 2024 году. Яны пачаліся пасьля трагедыі ў Нові-Садзе, дзе ў выніку абвалу бэтоннага навеса ля чыгуначнага вакзала загінулі 15 чалавек. Дэманстранты патрабуюць пакараць вінаватых і адправіць у адстаўку кіраўніцтва краіны, у тым ліку прэзыдэнта Аляксандра Вучыча. На тле пратэстаў у студзені 2025 году прэм’ер-міністар Сэрбіі Мілаш Вучавіч падаў у адстаўку.
Форум