Кір Стармэр заявіў пасьля віртуальнай сустрэчы з сусьветнымі лідэрамі, што эўрапейскія краіны і заходнія саюзьнікі гатовыя ўзмацніць падтрымку Украіны ў выпадку заключэньня мірнага пагадненьня з Расеяй, і чакаецца, што на наступным тыдні ваенныя кіраўнікі зацьвердзяць «надзейныя пляны». Паводле яго, так званая «кааліцыя ахвотных краін» распрацуе пляны дзеля дапамогі бясьпецы Украіне на сушы, на моры і ў паветры.
Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр сёньня правёў па відэасувязі саміт лідэраў групы краін Захаду, прысьвечаны вайне Расеі супраць Украіны.
У нарадзе удзельнічалі кіраўнікі большасьці краін Эўразьвязу, Канады, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, а таксама генэральны сакратар NATO Марк Рутэ. У цэнтры абмеркаваньня былі магчымы плян заканчэньня вайны і ўмовы меркаванага перамірʼя.
«Калі Пуцін сур'ёзна ставіцца да міру, гэта вельмі проста: ён павінен спыніць свае варварскія напады на Украіну і пагадзіцца на спыненьне агню», – падкрэсьліў Стармэр.
Удзельнікі канфэрэнцыі асобна абмеркавалі пытаньне дыпляматычных намаганьняў – Эўропа плянуе стварыць сваю перамоўную групу для далейшых кансультацый па ўрэгуляваньні канфлікту.
Раней на сустрэчах у Парыжы і Лёндане краіны Захаду абвясьцілі аб стварэньні «кааліцыі ахвотных» — групы краін, гатовых аказваць дапамогу Украіне. Вялікабрытанія і Францыя таксама выказалі гатоўнасьць адправіць сваіх вайскоўцаў зь міратворчай місіяй пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў.
Ключавым пытаньнем застаецца ўзаемадзеяньне з ЗША, якія не зьбіраюцца накіроўваць войскі, але маглі б стаць адным з гарантаў бясьпекі ў выпадку заключэньня міру.
Крэмль заяўляў, што лічыць непрымальнай прысутнасьць на тэрыторыі Украіны войскаў краін NATO. Масква таксама дамагаецца адмовы Кіева ад імкненьня ўступіць у гэты ваенна-палітычны саюз — у якасьці адной з умоў мірнага пагадненьня.
Стармэр заявіў, што ня верыць у сурʼёзнасьць імкненьня Ўладзіміра Пуціна да міру і папярэдзіў, што Захад не павінен дазволіць Маскве весьці «гульні» вакол прапановы ЗША аб 30-дзённым перамірʼі. Кіеў на перамовах у Джыдзе 11 сакавіка пагадзіўся з амэрыканскай прапановай.
Форум