Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі абвясьцілі вышук галоўнага рэдактара Reform.news Фёдара Паўлючэнкі


 Фёдар Паўлючэнка, архіўнае фота
Фёдар Паўлючэнка, архіўнае фота

Зьвесткі галоўнага рэдактара Reform.news Фёдара Паўлючэнкі зьявіліся ў базе «Вышук», якую вядзе МУС Расеі.

У якасьці падставы для вышуку пазначана толькі «расшукваецца паводле артыкулу КК», сам артыкул не назвалі.

Як піша выданьне Reform.news, імаверна, у расейскую базу Фёдар Паўлючэнка трапіў на запыт беларускага боку. Паводле інфармацыі рэдакцыі, Паўлючэнка праходзіць у Беларусі ў некалькіх крымінальных справах, зьвязаных з палітыкай.

Улады Беларусі выкарыстоўваюць крымінальны перасьлед для барацьбы з сваімі апанэнтамі, а таксама з журналістамі, іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

Зьмест беларускага незалежнага выданьня Reform.news, рэдакцыя якога праз рэпрэсіі мусіла пакінуць Беларусь, прызнаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», так беларускія суды пазначаюць непажаданую для ўладаў інфармацыю.

Сёлета ўлады аб’явілі міждзяржаўны вышук намесьнікаў старшыні БАЖ Алега Агеева і Барыса Гарэцкага.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG