Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПК абмеркаваў з МУС Польшчы паскарэньне легалізацыі беларусаў і павелічэньне тэрміну дзеяньня дакумэнтаў


Беласток. Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю да гадавіны выбараў-2020. 9 жніўня 2023 году
Беласток. Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю да гадавіны выбараў-2020. 9 жніўня 2023 году

Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) абмеркаваў з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы паскарэньне тэрмінаў легалізацыі беларусаў і павелічэньне тэрмінаў дзеяньня трэвэл-дакумэнтаў.

Як паведаміў АПК, адбылося першае пасяджэньне працоўнай групы ў пытаньнях легалізацыі грамадзян Беларусі пасьля аднаўленьня яе дзейнасьці.

З польскага боку ў ім узяў удзел кіраўнік Управы па справах іншаземцаў Польшчы Томаш Цытрыновіч. Беларускі бок узначальваў намесьнік кіраўніцы Кабінэту Павел Латушка. Таксама ў сустрэчы ўзялі ўдзел намесьнік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінэту Віталь Малчанаў, кіраўніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская, дэлегатка Каардынацыйнай рады Вольга Карпушонак.

Паводле інфармацыі Цытрыновіча, па легалізацыю ў Польшчы летась зьвярнуліся 48 тыс. грамадзян Беларусі. У студзені сёлета адпаведныя хадайніцтвы падалі больш за 4 тысячы чалавек. Гэта паказвае, што дынаміка зваротаў грамадзян Беларусі захоўваецца.

Падчас сустрэчы быў абмеркаваны шэраг праблем, у прыватнасьці, скарачэньне тэрмінаў разгляду спраў па легалізацыі беларусаў у Польшчы.

Томаш Цытрыновіч паведаміў, што польскі бок робіць намаганьні, каб скараціць тэрміны разгляду спраў па легалізацыі беларусаў у Польшчы. У другой палове 2025 году плянуецца ўнесьці зьмены ў закон аб іншаземцах, якія дазволяць увесьці электронную сыстэму падачы дакумэнтаў у рамках працэдуры легалізацыі.

Таксама былі абмеркаваныя пытаньні, зьвязаныя з падставамі для выдачы і тэрмінамі выдачы падарожных дакумэнтаў. У гэтай сувязі была абмеркаваная магчымасьць выдачы падарожных дакумэнтаў для беларусаў ня толькі ў выпадку сканчэньня тэрміну дзеяньня пашпарта альбо яго адсутнасьці, але і ў выпадку сканчэньня старонак для візаў і пячатак альбо ў выпадку, калі пашпарт быў выдадзены больш за 10 гадоў таму.

Павел Латушка прапанаваў разгледзець магчымасьць выдачы падарожных дакумэнтаў на тэрмін большы за 1 год, як гэта робіцца цяпер. Прадстаўнік польскага боку праінфармаваў, што разглядаецца магчымасьць унясеньня зьменаў у заканадаўства з мэтай павялічыць тэрмін дзеяньня гэтага дакумэнту, але не акрэсьліў, на які тэрмін гэты дакумэнт будзе выдавацца ў будучыні.

Адносна выдачы падарожных дакумэнтаў дзецям грамадзян Беларусі Томаш Цытрыновіч паведаміў, што ў гэтай сытуацыі справы будуць разглядацца індывідуальна ваяводамі на падставе заяваў бацькоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG