Як адзначаецца ў справаздачы ISW, гэта таксама дазволіць расейскім войскам узмацніць удары дронамі і ракетамі па тылавым абласьцям Украіны, што паўплывае на мільёны цывільных украінцаў.
«Прыпыненьне амэрыканскай выведкі аб расейскіх ударах па ўкраінскім тыле разам з прыпыненьнем ЗША паставак ракет СПА Patriot, якія Ўкраіны выкарыстоўвае для абароны ад расейскіх балістычных ракет, будзе мець сур’ёзны ўплыў на бясьпеку ўкраінскіх тылавых тэрыторый», — адзначылі экспэрты.
Паводле іх, украінскія ўдары па расейскіх складах ракет і боепрыпасаў раней аслабілі ціск на ўкраінскія сілы па ўсёй лініі фронту і не дазволілі расейскім войскам выкарыстаць сваю артылерыйскую перавагу для дасягненьня посьпеху. Удары па вайсковых аб’ектах у Расеі таксама адсунулі апэрацыі расейскай авіяцыі далей ад Украіны, перашкаджаючы Расеі наносіць удары авіябомбамі.
У справаздачы адзначаецца, што немагчымасьць наносіць удары па тэрыторыі Расеі і акупаваных тэрыторыях Украіны з выкарыстаньнем ATACMS і HIMARS, імаверна, расшырыць здольнасьць Расеі эфэктыўна выкарыстоўваць кіраваныя авіябомбы як па прыфрантавых тэрыторыях, так і ў тыле.
У ISW дадалі, што прадстаўнікі Крамля заявілі аб намеры скарыстацца прыпыненьнем вайсковай дапамогі і абмену выведнай інфармацыяй з боку ЗША для атрыманьня дадатковых пераваг на полі бою.
5 сакавіка дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф заявіў, што ЗША прыпынілі абмен выведнай інфармацыяй з Украінай, а перад гэтым стала вядома аб прыпыненьні адміністрацыяй Дональда Трампа вайсковай дапамогі ўкраінскаму боку.
Форум