У Лошыцкім парку ў Менску рэканструююць гістарычную забудову ХIХ стагодзьдзя. Цяпер спэцыялісты займаюцца ўзьвядзеньнем прыбудоваў да трох гістарычных будынкаў, якія захаваліся, паведамляе «Менскбуд».
Прыбудову да будынка па вуліцы Чыжэўскіх, 17 робяць на базе старых узмоцненых падмуркаў. Вонкавую частку муру робяць з выкарыстаньнем цэглы ХIХ стагодзьдзя, астатнія тры шэрагі — з новай керамічнай цэглы. Пазьней за справу возьмуцца рэстаўратары. Плянуецца, што прыбудова расьцягнецца ўздоўж вуліцы Чыжэўскіх на 68,5 мэтра. Дах будынка будзе двухсхільным, фальцавым.
Адразу дзьве прыбудовы — аднапавярховую зьлева і двухпавярховую справа — узводзяць побач з будынкам на завулку Чыжэўскіх, 5. Сам будынак застанецца чатырохпавярховым — яго ўзмацнілі на ўзроўні падмуркаў.
Абедзьве прыбудовы — у цэгле з арачнымі праёмамі, карнізамі, пілястрамі. Разам з прыбудовамі аб’ект будзе займаць плошчу каля 70 мэтраў у даўжыню і ад 13 да 18,5 мэтра ў шырыню.
Двухпавярховая прыбудова зьявіцца і побач з існым будынкам па завулку Чыжэўскіх, 6. Будаўнікі ўжо залілі падмурак і заняліся ўзьвядзеньнем сьценаў. Таксама яны ўзмацнілі аснову, сьцены, перакрыцьці, зьнялі нагрузку з падмурку гістарычнага будынка.
У выніку рэканструкцыі цалкам захаваюцца «цудам ацалелыя будынкі ХIХ стагодзьдзя», адзначаюць у «Менскбуд».
Як рэстаўруюць Лошыцу?
У 2015 годзе пасьля рэканструкцыі адкрылі палац Прушынскіх-Любанскіх, разьмешчаны ў адным з найстарэйшых месцаў сучаснага Менску — Лошыцкім парку. Рэстаўрацыя Лошыцкай сядзібы заняла больш за 30 гадоў, апошнія 8 былі часам, калі непасрэдна праводзіліся работы.
Культуроляг Сяргей Харэўскі тады назваў рэстаўрацыю Лошыцкага палаца поўным зьнішчэньнем ягонай аўтэнтычнасьці. Паводле яго, у працэсе рэстаўрацыі сядзібу «давялі да аварыйнага стану», у выніку чаго большую частку сядзібнага дома, ягоныя аўтэнтычныя канструкцыі давялося разабраць. Праз гэты разбор былі зруйнаваныя ўнікальныя спараныя нэагатычныя коміны, моцна пашкоджаныя былі падмуркі, падвалы, драўляныя канструкцыі. Культуроляг назваў гэтую рэканструкцыю «чарговым ляпідарным муляжом».
Гісторыя Лошыцкага комплексу
Самая раньняя летапісная згадка пра Лошыцкі палацава-паркавы комплекс датуецца 1493 годам. Паводле архіўных дакумэнтаў, сядзібай у розныя гады валодалі князі Талачынскія, Друцкія-Горскія, Прушынскія і Любанскія. Апошні зь Любанскіх, Яўстах, у 1896 годзе перабудаваў сядзібу, дзе былі капліца, дом аканома, будынак сьпіртзаводу, вадзяны млын, гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку конезавод, быў закладзены ўнікальны парк. У 1930-я гады сямейную капліцу-пахавальню Прушынскіх-Любанскіх узарвалі, а ў палацы разьмясьціліся органы НКВД. Пасьля вайны на базе Лошыцкага парку дзейнічаў беларускі філіял Усесаюзнага інстытуту расьлінаводзтва.
Лошыцкая сядзіба — гэта палацавы комплекс, які складаецца з самога сядзібнага дому, флігеля для прыслугі, дамка ахоўніка, вінакурнага заводу і млына. Пасьля рэканструкцыі і адкрыцьця ў 2015 годзе ў сядзібе разьмясьцілі музэй, прысьвечаны ладу жыцьця гарадзкой знаці, якой былі ўладальнікі сядзібы Любанскія. Унутранае аздабленьне, мэбля і іншыя экспанаты музэю таксама адносяцца да гэтага пэрыяду ХІХ стагодзьдзя. Экспазыцыя пад назвай «Кола часу», якую тады разьмясьцілі ў флігелі, дэманструе гарадзкую і сельскую культуру таго часу: гэта прадметы побыту, сярод якіх самавары, грамафоны, швейныя машыны і іншыя прадметы.
Форум