На парадку дня значыліся 62 пытаньні, апазыцыя патрабавала разгледзець толькі законапраект аб унясеньні зьмяненьняў у закон аб вышэйшай адукацыі. Гэтыя папраўкі выконвалі чацьвёртае патрабаваньне студэнтаў, якія пратэстуюць, — павялічыць фінансаваньне вышэйшай адукацыі, скараціць плату за навучаньне для студэнтаў на 50% і павысіць зарплаты выкладчыкам ВНУ.
Нягледзячы на пратэст апазыцыі, кіруючая партыя прыняла парадак дня. Апазыцыйныя парлямэнтарыі паднялі плякаты са словамі: «Усеагульная забастоўка», «Студэнты правы» і «Пэдагогі з вамі». Пасьля зацьвярджэньня парадку дня група дэпутатаў падышла да цэнтру залі і трыбуны сьпікера парлямэнту, дзе ў нейкі момант адбылася бойка зь іншымі дэпутатамі. Пасьля гэтага былі запаленыя чырвоныя і чорныя дымавыя шашкі.
Нягледзячы на дым у залі, старшыня парлямэнту Ана Брнабіч адмовілася перарываць паседжаньне.
«Нам ёсьць над чым працаваць, і Сэрбія ніколі ня спыніцца. Ваша каляровая рэвалюцыя правалілася», — заявіла яна.
Міністры і дэпутаты кіруючай кааліцыі вярнуліся да абмеркаваньня пытаньняў парадку дня.
Паводле зьвестак Брнабіч, у выніку акцыі апазыцыі пацярпелі тры дэпутаткі — Ясьміна Абрадавіч, Ясміна Каранац і Саня Іліч.
Абрадавіч перанесла інсульт, пасьля таго як дэпутаты запалілі дымавыя шашкі. Выданьне Danas піша, што Каранац атрымала раненьне ў галаву, а Іліч знаходзіцца на восьмым месяцы цяжарнасьці. Сьпікера Ану Брнабіч аблілі вадой.
Апазыцыйны дэпутат Радамір Лазовіч сказаў балканскай службе Радыё Свабода, што дэпутатка, якая атрымала раненьне, насамрэч магла атрымаць траўму з-за таго, што іншы дэпутат нешта кінуў у яе бок. Паводле яго слоў, гэты факт трэба праверыць па відэазапісе.
Форум