Колькасьць месцаў у парлямэнце Ганконгу для свабодна выбраных дэпутатаў скарачаецца амаль напалову, а кандыдаты, перш чым балятавацца, павінны будуць прайсьці праверку ў адмысловым камітэце на ляяльнасьць мацерыковаму Кітаю, паведамляе ВВС.
Крытыкі кажуць, што гэта фактычна азначае канец дэмакратыі ў Ганконгу, бо ў гарадзкім парлямэнце цяпер зусім ня будзе апазыцыі.
Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў — фармальна вышэйшы орган улады ў КНР — прыняў рэзалюцыю аб неабходнасьці такіх зьменаў у Ганконгу на пачатку сакавіка. На мінулым тыдні кітайскія дзяржаўныя СМІ перадалі, што народныя прадстаўнікі прагаласавалі за закон аднагалосна.
У апошні раз, калі ў Ганконгу прайшлі па-сапраўднаму свабодныя выбары ў мясцовыя саветы, ва ўсіх акругах, акрамя адной, перамаглі кандыдаты, якія выступаюць за дэмакратыю.
Гэта відавочна напалохала Пэкін, і цяпер ён зрабіў так, каб прадэмакратычныя кандыдаты не маглі нават выстаўляць свае кандыдатуры.
«Адна краіна — дзьве сыстэмы»
У 1997 годзе Вялікая Брытанія перадала сваю былую калёнію Кітаю ў рамках пагадненьня, закліканага абараніць правы і свабоды жыхароў Ганконгу па меншай меры на 50 гадоў.
У аснове пагадненьня ляжаў прынцып «Адна краіна — дзьве сыстэмы», замацаваны ў Асноўным законе Ганконгу. Па ім горад да 2047 году павінен быў захоўваць аўтаномію, а яго жыхары — шырокія палітычныя правы, у тым ліку свабоду слова і сходаў.
Пратэсты
У апошнія гады ў Ганконгу прайшлі некалькі хваляў пратэставых выступленьняў з розных нагодаў, але нязьменна скіраваных на захаваньне мясцовых свабодаў. У 2019 годзе масавыя дэманстрацыі, якія выліліся ў сутыкненьні з паліцыяй, вымусілі ўлады адмовіцца ад прыняцьця закону, які дапускаў магчымасьць экстрадыцыі ў мацерыковы Кітай.
Арышты паводле новага закону
У студзені сёлета 53 палітыкі і актывісты прадэмакратычнага руху былі арыштаваныя ў Ганконгу.
Прадстаўніца кітайскага МЗС тады заявіла, што арышты неабходныя, каб спыніць «змову зьнешніх сілаў і пэўных асобаў, якія спрабуюць падарваць стабільнасьць і бясьпеку Кітаю».
Арышты былі праведзеныя на падставе закону «Аб удасканаленьні прававой сыстэмы і праваўжывальнага мэханізму Ганконгу», які быў прыняты 1 ліпеня летась Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў. Закон дае кітайскім уладам шырокія магчымасьці абмяжоўваць у аўтаноміі грамадзянскія свабоды.
Што варта ведаць наконт пратэстаў у Ганконгу
Што такое ўвогуле Ганконг?
Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на поўдні Кітаю, на ўзьбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.
Ганконг разьмяшчаецца на паўвостраве Каўлун (Цзюлун), а таксама яшчэ на 260 малых астраўках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на 1104 км2 — тэрыторыя амаль у 190 разоў меншая, чым Беларусь.
Доўгі час Ганконг належаў Вялікай Брытаніі і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.
Што выклікала пратэсты?
Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаныя яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.
У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.
Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы пачалі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.
23 кастрычніка 2019 году ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.