Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: ЗША перасталі быць лідэрам свабоднага сьвету


Павал Латушка
Павал Латушка

Злучаныя Штаты Амэрыкі «застаюцца моцнай дзяржавай, магутнай краінай», аднак яны «перасталі быць лідэрам свабоднага сьвету», заявіў на сваім ютуб-канале кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка, камэнтуючы перамовы прэзыдэнтаў ЗША Дональда Трампа і Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, якія адбыліся 28 лютага.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«Гэта фіяска не Зяленскага — тое, што адбылося ў Авальным кабінэце. А гэта фіяска амэрыканскай дыпляматыі», — лічыць палітык.

«Большасьць лідэраў, палітыкаў, эўрапейскіх дэмакратый, дэмакратычных дзяржаў ва ўсім сьвеце ўсьвядомілі пасьля гэтай гутаркі, што ЗША больш не зьяўляюцца лідэрам свабоднага сьвету», — сказаў кіраўнік НАУ.

На яго думку, сустрэча паказала, што «каштоўнасныя арыентыры робяцца другаснымі, калі ў прынцыпе не зьнікаюць са стала перамоваў. Галоўным робіцца — любой цаной падпісаць пагадненьне, саступіўшы каштоўнасьці, пагадзіўшыся з парушэньнем міжнароднага права, разглядаючы агрэсара як роўны бок у гэтай вайне».

Таксама, лічыць Латушка, «усе зразумелі, што ЗША могуць і кінуць слабых у складаны момант». Ён прыгадаў, што Будапэшцкім мэмарандумам 1994 году ЗША, Вялікая Брытанія і Расеі далі Ўкраіне гарантыі бясьпекі за адмову ад ядзернай зброі. «Дзе гэтыя гарантыі?» — задаў пытаньне палітык.

Раней кіраўнік НАУ заявіў, што на перамовах з Трампам Зяленскі паводзіў сябе карэктна і годна.

Рэзкая палеміка прэзыдэнтаў Украіны і ЗША, а таксама віцэ-прэзыдэнта ЗША Дж.Д. Вэнса адбылася ў мінулую пятніцу ў Вашынгтоне.

Сустрэча на павышаных танах завяршылася датэрмінова, пагадненьне аб выкарыстаньні ўкраінскіх карысных выкапняў не было падпісанае, украінскі прэзыдэнт пакінуў Белы дом.

Неўзабаве пасьля гэтага Трамп заявіў, што Зяленскі «праявіў непавагу да Злучаных Штатаў», але можа вярнуцца, «калі будзе гатовы да міру». Вэнс запатрабаваў ад украінскага лідэра прабачэньняў.

Зяленскі ў сваю чаргу заявіў, што не зрабіў нічога дрэннага, за што яму трэба было б прасіць прабачэньня, а таксама выступіў за падпісаньне пагадненьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG