У рамках рэканструкцыі падстанцыі «Полацак» Беларусь «датэрмінова ўключыла ў працу» паветраную лінію электраперадачы «Полацак — Лукомская ДРЭС» (330 кВ), паведаміла 3 сакавіка прэс-служба Міністэрства энэргетыкі. Згаданая лінія зьяўляецца элемэнтам міждзяржаўнай транзытнай электрычнай сувязі «Лукомльская ДРЭС — ПС 330 кВ Полацак — ПС 330 кВ Навасакольнікі» (апошняя падстанцыя знаходзіцца ў Расеі).
Адзначаецца, што ўключэньне ў працу гэтай лініі электраперадач стала «вынікам сумесных дзеяньняў і дамоўленасьцяў сыстэмных апэратараў Расеі і Беларусі» і дазволіла зьвязаць паўночна-заходні рэгіён Расеі з энэргасыстэмай Беларусі, а таксама «забясьпечыць больш надзейную сынхронную працу энэргасыстэм у рамках саюзнай дзяржавы».
Рэканструяваная падстанцыя «Полацак», якая зьвязвае самую магутную беларускую электрастанцыю з энэргасыстэмай Расеі, раней была адным з вузлоў энэргетычнага кольца БРЭЛЛ, якое аб’ядноўвала энэргасыстэмы Беларусі, Расеі і краінаў Балтыі.
- 8 лютага 2025 году Латвія, Літва і Эстонія адключылі свае электрасеткі ад расейскай энэргасыстэмы (БРЭЛЛ), а на наступны дзень пасьпяхова падключыліся да эўрапейскай кантынэнтальнай сеткі.
- Першапачаткова меркавалася, што так званая «Балтыйская сынхранізацыя» адбудзецца ў канцы 2025 году, але яе перанесьлі амаль на 11 месяцаў раней, шмат у чым з прычыны вайны ва Ўкраіне і жаданьня краін Балтыі цалкам пазбавіцца залежнасьці ад патэнцыйнага расейскага энэргетычнага шантажу.
- Краіны Балтыі перасталі закупляць расейскі газ і электраэнэргію пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, але іх электрасеткі засталіся падлучанымі да Расеі і Беларусі. Гэта рабіла іх залежнымі ад Масквы ў пляне стабільнага патоку электраэнэргіі.
- Для краінаў Балтыі гэты крок, вядомы як «Балтыйская сынхранізацыя», стаў гістарычным момантам, бо гэта азначае, што далей кіраваць сваімі пастаўкамі электраэнэргіі будуць яны, а не Масква.
Форум