Пра ягоную перамогу заявілі дэ-факта выбарчыя ўлады сэпаратыстаў 2 сакавіка, паведамляе Грузінская служба Радыё Свабода.
47-гадовы Бадра Гунба ня змог набраць абсалютнай большасьці галасоў у першым туры 15 лютага, што вымусіла яго правесьці другі тур супраць Адгура Ардзынбы — ягонага апанэнта, які крытыкуе некаторыя элемэнты эканамічнай палітыкі, якія падтрымлівае Расея. У першым туры Гунба набраў 46,3% галасоў, Ардзынба — 36,9%.
Улады Абхазіі заявілі, што па выніках другога туру прэзыдэнцкіх выбараў Гунба набраў амаль 55% галасоў, у той час як Ардзынба атрымаў 41,5%, а 2 адсоткі прагаласавалі супраць усіх, хоць не было магчымасьці пацьвердзіць сапраўднасьць гэтых лічбаў. Паведамлялася, што яўка склала 70%.
Уладзімір Пуцін павіншаваў Бадру Гунба зь перамогай і падкрэсьліў, што разьлічвае на далейшае ўмацаваньне «сяброўскіх, саюзьніцкіх расейска-абхаскіх адносінаў».
Бадра Гунба, які раней займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта Абхазіі, заняў пасаду выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта 19 лістапада пасьля таго, як Аслан Бжанія пайшоў у адстаўку на фоне масавых пратэстаў супраць інвэстыцыйнага пагадненьня з Расеяй. Апанэнты асьцерагаліся, што пагадненьне пагражае і без таго далікатнаму статусу Абхазіі пад кантролем Расеі.
Адгур Ардзынба, былы дэ-факта міністар эканомікі (у 2015–2020 гадах) і лідэр Абхазскага народнага руху, вёў кампанію супраць пагадненьня, хоць і паабяцаў шчыльныя сувязі з Масквой. Расейскія праўрадавыя СМІ спрабавалі прадставіць яго як «пратурэцкага».
Інвэстыцыйнае пагадненьне было накіраванае на ўмацаваньне эканамічных сувязяў паміж сэпаратысцкім рэгіёнам і Расеяй, але сустрэла шырокі супраціў. Яго крытыкі, уключаючы дзеячаў апазыцыі і групы грамадзянскай супольнасьці, назвалі пагадненьне «эксплуататарскім», заявіўшы, што яно дасьць неапраўданыя перавагі расейскім інвэстарам, падрываючы сувэрэнітэт Абхазіі. Пагадненьне пазьней адхіліў парлямэнт самаабвешчанай Абхазіі.
МЗС Грузіі асудзіла «так званыя прэзыдэнцкія выбары ў акупаванай Расеяй Абхазіі», заклікаўшы міжнародную супольнасьць асудзіць парушэньні з боку Масквы. Урад Грузіі 1 сакавіка заявіў, што «незаконна» праведзеныя выбары «супярэчаць асноватворным прынцыпам міжнароднага права».
Эўразьвяз пацьвердзіў сваю падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Грузіі ў заяве пасьля першага туру выбараў, падкрэсьліўшы, што не прызнае канстытуцыйныя і прававыя рамкі, у якіх прайшлі «так званыя прэзыдэнцкія выбары ў Абхазіі».
Абхазія і Паўднёвая Асэтыя выйшлі з-пад улады Грузіі пасьля распаду Савецкага Саюзу на пачатку 1990-х гадоў. Хаця Расея прызнала незалежнасьць Абхазіі пасьля расейска-грузінскай вайны 2008 году, большая частка міжнароднай супольнасьці па-ранейшаму лічыць рэгіён часткай Грузіі.
Хоць тэрыторыя палітычна і эканамічна залежыць ад Расеі, некаторыя абхазы крытыкуюць тое, што яны лічаць узрастаньнем уплыву Масквы.
Усяго за некалькі дзён да першага туру выбараў, 7 лютага, Расея ажыцьцявіла выпрабавальны палёт з маскоўскага аэрапорта Ўнукава ў сухумскі аэрапорт Бабушара, які даўно не функцыянуе, на якім сярод пасажыраў быў Гунба. Расея паабяцала ўсталяваць рэгулярныя паветраныя зносіны з Абхазіяй у канцы 2025 году.
Гунба сустрэўся зь міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым і віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Новакам. Каб умацаваць ягоную пазыцыю, Масква абʼявіла пра аднаўленьне фінансавай дапамогі, прыпыненай зь верасьня, і павелічэньне паставак электраэнэргіі ва ўмовах вострага дэфіцыту.
Форум