Чакалася, што пасьля перамоваў адбудзецца цырымонія падпісаньня пагадненьня аб прыродных рэсурсах.
Зяленскі падзякаваў Трампу за ўгоду аб здабычы карысных выкапняў і сказаў, што хацеў бы пагаварыць пра тое, што гатовыя зрабіць ЗША, перадае агенцтва Reuters. Ён выказаў надзею, што «разам мы зможам спыніць яго», маючы на ўвазе прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Трамп абвясьціў, што пагадненьне будзе падпісана сёньня, і назваў угоду «вельмі справядлівай». Амэрыканскі прэзыдэнт таксама зазначыў, што ён размаўляў з Пуціным, і ў ЗША былі добрыя перамовы з Расеяй. Размова з Пуціным, па словах Трампа, адбылася пару дзён таму. Ён дадаў, што расейскі прэзыдэнт хоча заключыць угоду.
У адказ на пытаньне, ці працягнуць ЗША пастаўляць Украіне зброю, калі перамірʼе ня будзе заключана, Трамп сказаў: «Так, мы пашлём яшчэ зброю. Спадзяюся, мне не давядзецца адпраўляць вельмі шмат, таму што мы разьлічваем завяршыць усё хутка», — перадае яго словы Расейская служба Бі-бі-сі.
Трамп таксама выказаў надзею, што яго «запомняць як міратворца». Прэзыдэнт Украіны, у сваю чаргу, заклікаў Трампа «не ісьці на кампрамісы з забойцам».
Да канца сустрэчы сытуацыя ў Авальнай залі Белага дома стала напружанай: паміж Трампам, Зяленскім і віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джэй Ды Вэнсам адбылася сварка. Як перадаюць журналісты, Вэнс абвінаваціў Зяленскага ў «непавазе», пасьля чаго Трамп заявіў, што ўкраінскі прэзыдэнт «гуляе з Трэцяй сусьветнай вайной».
Зяленскі сказаў, што ён ніколі не пагодзіцца на спыненьне агню без гарантый бясьпекі ад ЗША: «Мы можам гаварыць аб спыненьні агню, але гэта так не працуе. У нас быў такі экспэрымэнт, досьвед, гэта не дапамагло. Пуцін 25 разоў парушыў гэтыя перамір'і. Гэта было не пры вашым кіраваньні, гэта было пры іншых, але ён гэта парушаў, ён тады быў прэзыдэнтам. Гарантыі бясьпекі перш за ўсё.
Калі эўрапейцы гатовыя даць кантынгенты, ім патрэбна гарантыя канчатковая ад ЗША. Таму што ЗША — гэта самая магутная крэпасьць, гэта самыя магутныя саюзьнікі».
Прэзыдэнт Украіны заявіў, што ЗША, нягледзячы на тое, што іх аддзяляе ад Эўропы акіян, адчуюць на сабе наступствы вайны. Трамп у адказ сказаў: «Вы ня можаце гэтага ведаць, не кажыце нам, што мы адчуваем».
«Мы спрабуем вырашыць вашую праблему. Ня трэба навязваць нам свой пункт гледжаньня. Вы знаходзіцеся ў няправільных умовах, у вас няма карт на руках», — сказаў ён. На што Зяленскі адказаў, што ён «тут ня ў карты гуляе».
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс, які ўдзельнічаў у размове, дадаў, што «вы ня можаце казаць нам, што рабіць», і згадаў паездку Зяленскага ў Пэнсыльванію ў верасьні 2024 году.
Трамп сказаў Зяленскаму, што той «праяўляе непавагу» да ЗША і ня мае права «дыктаваць тое, што Амэрыка будзе адчуваць».
«Вы ў нявыгадных умовах ад пачатку вайны. Вы павінны быць удзячныя. Людзі паміраюць, у вас не хапае вайскоўцаў. Вы ня можаце нам казаць, хочаце ці не спыненьня агню», — дадаў амэрыканскі прэзыдэнт.
Трамп сказаў, што Кіеву давядзецца пайсьці на кампрамісы пры заключэньні міру, і калі ўкраінскія ўлады адмовяцца ад угоды, то Злучаныя Штаты ня будуць у гэтым удзельнічаць.
«У вас няма карт на руках бяз нас, вы павінны быць удзячныя нам. Мы хочам выратаваць вашу краіну і спыніць вайну. Вы ня можаце казаць „я не хачу спыніць вайну“. Мы вам далі 350 мільярдаў даляраў, але вы ўсё яшчэ ня ўдзячныя. Вы ня маеце права нам нічога дыктаваць. Вы зараз у ня вельмі выгаднай пазыцыі», — сказаў прэзыдэнт ЗША Зяленскаму.
Пасьля гэтага прэзыдэнты выйшлі для перамоваў за зачыненымі дзьвярыма.
Пазьней Трамп заявіў, што Зяленскі не гатовы да міру, калі ЗША будуць ангажаваныя ў яго.
«Сёньня ў нас была вельмі зьмястоўная сустрэча ў Белым доме. Мы даведаліся шмат чаго, чаго нельга было зразумець без размовы пад такім агнём і ціскам. Мы вызначылі, што прэзыдэнт Зяленскі не гатовы да міру з удзелам Амэрыкі, таму што ён адчувае, што наш удзел дае яму вялікую перавагу ў перамовах. Мы ня хочам перавагі, мы хочам міру. Ён праявіў непавагу да Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Авальнай залі. Ён можа вярнуцца, калі будзе гатовы да міру», — напісаў прэзыдэнт ЗША ў сацыяльнай сетцы Truth.
Форум