Брытанскі прэм’ер-міністар Кір Стармэр вітаў гістарычна блізкія адносіны ЗША і Вялікай Брытаніі на сустрэчы ў Белым доме з прэзыдэнтам Дональдам Трампам, калі той імкнуўся выправіць напружаныя трансатлянтычныя адносіны, выкліканыя рознагалосьсямі па Ўкраіне і гандлі, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода ў Вашынгтоне Тод Прынс.
Стармэр адправіўся ў Вашынгтон 27 лютага, каб заклікаць Трампа гарантаваць бясьпеку Ўкраіны ў выпадку дасягненьня пагадненьня аб спыненьні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў ва Ўкраіну, якое працягваецца ўжо чацьвёрты год.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэнецца з Трампам у Вашынгтоне 28 лютага.
Трамп, які заступіў на пасаду месяц таму, дзейнічае агрэсіўна, каб спыніць вайну ва Ўкраіне, правёўшы працяглую тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у пачатку гэтага месяца і накіраваўшы сваю каманду нацыянальнай бясьпекі ў Саудаўскую Арабію для сустрэчы з расейскімі калегамі.
Трамп заявіў журналістам 27 лютага, што Вашынгтон і Масква дасягнулі «вялікага прагрэсу» ў напрамку спыненьня агню.
На прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме з Трампам пасьля іх двухбаковай сустрэчы Стармэр паўтарыў, што Вялікая Брытанія гатовая актывізавацца і ўнесьці свой уклад у міратворчыя сілы ва Ўкраіне, калі будзе дасягнута дамоўленасьць.
«Злучанае Каралеўства гатовае „паставіць боты на зямлю“ (Boots on the ground — выраз, які выкарыстоўваюць для абазначэньня войскаў, дысьлякаваных у чужой краіне. — Рэд.) і самалёты ў паветры, каб падтрымаць угоду, працуючы разам з нашымі саюзьнікамі, таму што гэта адзіны спосаб, каб мір захаваўся», — сказаў Стармэр.
Ён перасьцярог, каб не сьпяшаліся скончыць вайну любой цаной.
«Мы павінны зрабіць гэта правільна. Мы павінны заваяваць мір. Ня можа быць міру, які ўзнагароджвае агрэсара. Гісторыя павінна быць на баку міратворца, а не захопніка», — сказаў Стармэр.
Трамп ня ўзяў на сябе абавязаньняў падтрымліваць прысутнасьць эўрапейскіх войскаў, што зьяўляецца ключавой просьбай Стармэра і прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, які наведаў Вашынгтон 24 лютага.
Стармэр сказаў, што яны з Трампам абмяркоўвалі мірны плян, які «Ўкраіна дапаможа сфармаваць» і які «падмацаваны сілай, каб перашкодзіць Пуціну вяртацца па новай».
Ён дадаў, што каманды з Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі «будуць гаварыць аб тым, як мы пераканаемся, што дамова застаецца ў сіле, зьяўляецца трывалай і выконваецца».
Брытанскія СМІ паведамляюць, што Стармэр патрабуе ад ЗША гарантый паветранай, выведвальнай, матэрыяльна-тэхнічнай і камунікацыйнай падтрымкі эўрапейскіх міратворчых сіл.
Адказваючы на пытаньне аб гарантыях бясьпекі ЗША, Трамп сказаў, што гэта занадта рана абмяркоўваць, паколькі спыненьне агню яшчэ не дасягнутае. Перад сустрэчай са Стармэрам Трамп адзначыў, што падтрымка ЗША не спатрэбіцца, таму што Пуціну можна верыць, што ён не парушыць мірнае пагадненьне.
Гэтага пункту гледжаньня не падзяляюць ні эўрапейскія літары, ні Зяленскі. На сваёй прэс-канфэрэнцыі з Трампам Макрон сказаў, што Пуцін парушыў папярэднія дамоўленасьці з Украінай, падкрэсьліўшы, чаму неабходна моцнае стрымліваньне, якое ўключае абарону ЗША.
Мякчэйшая мова
Што можа быць пазытыўным знакам для Кіева, Трамп прыкметна зьмякчыў сваю мову ў дачыненьні да Ўкраіны падчас прэс-канфэрэнцыі. Ён высока ацаніў упартасьць краіны ў абароне сваёй зямлі і пазьбягаў крытыкаваць краіну або яе лідэра, калі журналісты прапаноўвалі такую магчымасьць.
На мінулым тыдні Трамп уступіў у спрэчку зь Зяленскім, ілжыва абвінаваціўшы Ўкраіну ў пачатку вайны і назваўшы ўкраінскага лідэра «дыктатарам», які не праводзіць выбары.
«Я вельмі паважаю яго. Мы далі яму шмат абсталяваньня і шмат грошай, але яны змагаліся вельмі мужна», — сказаў Трамп.
Трамп павінен сустрэцца з Зяленскім у Белым доме 28 лютага, каб падпісаць рамачнае пагадненьне аб распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў, у тым ліку рэдказямельных мэталаў і выкапнёвага паліва.
Трамп кажа, што пагадненьне дазволіць Злучаным Штатам вярнуць частку дапамогі, якую яны накіравалі Ўкраіне за апошнія тры гады, а таксама стымулюе эканамічны рост Украіны.
«Гэта як велізарны праект эканамічнага разьвіцьця. Так што гэта будзе добра для абедзьвюх краін», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
Чакаецца, што Зяленскі таксама папросіць Трампа працягваць пасылаць зброю ва Ўкраіну, пакуль працягваюцца баі, і прапанаваць сваёй краіне гарантыю бясьпекі пасьля іх заканчэньня.
Форум