У дзяржаўным прадпрыемстве «Белэнэрга» паведамілі аб аднаўленьні пашкоджанай удзень 27 лютага цепламагістралі ў Мазыры.
Як адзначаецца ў паведамленьні, падчас рамонту «тэмпэратура гарачага водазабесьпячэньня часова апускалася ніжэй за адзнаку ў +50°C», але «тэмпэратура паветра ў жылых памяшканьнях жыхароў Мазыра не апускалася ніжэй за неабходныя парамэтры».
Паведамленьне аб пашкоджаньні цеплатрасы апублікавалі 27 лютага ў 15:15, а аб завяршэньні рамонту — у 2:47.
«Працы па ліквідацыі пашкоджаньня трубаправоду былі пасьпяхова завершаныя, і 28 лютага ў 03:30 цеплазабесьпячэньне ўсіх спажыўцоў аднавілі ў поўным аб’ёме», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Толькі ў апошнія дні лютага ў розных гарадах Беларусі адбылося некалькі аварый на камунікацыях.
25 лютага ў выніку абрыву проваду на паветранай лініі электраперадачы 110 кВ частка спажыўцоў Першамайскага і Савецкага раёнаў Менска засталіся без электраэнэргіі.
24 лютага ў Кобрыне праз аварыйнае адключэньне электрычнай падстанцыі «Кобрынь-Заходняя» былі абясточаныя 88 трансфарматарных падстанцый, чатырох устаноў сярэдняй адукацыі і пяці ўстаноў дашкольнай адукацыі, аб’ектаў гандлю, а таксама больш за 7 тысяч абанэнтаў у прыватным сэктары.
Горад Асіповічы 11 гадзін заставаўся без вады з прычыны аварыі, якая здарылася ўначы 19 лютага.
Форум