У Польшчы на мяжы зь Нямеччынай памежнікі спынілі для праверкі фуру, за рулём якой быў 29-гадовы беларус. Надгледзеўшы прычэп, яны выявілі больш за 7 мільёнаў нелегальна вырабленых цыгарэт рынкавым коштам каля 8 мільёнаў злотых (1,93 млн эўра). Пра знаходку расказалі ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.
У ходзе далейшага расьсьледаваньня праваахоўнікі правялі ператрусы некалькіх аб’ектаў, дзе знайшлі прылады і паўфабрыкаты для нелегальнай вытворчасьці цыгарэт: здрабняльнікі тытуню, барабаны для драбненьня тытунёвага лісьця, амаль 2 тоны рэзанага тытуню, 9 тон тытунёвага лісьця, а таксама ўпакоўкі для цыгарэт, фільтры і абгорткі з зарэгістраванымі таварнымі знакамі тытунёвых кампаній.
Паводле папярэдніх падлікаў, калі б нелегальна вырабленыя цыгарэты паступілі ў продаж, польскі бюджэт недаатрымаў бы больш за 20 мільёнаў злотых.
Беларусу прад’явілі абвінавачаньні, яго арыштавалі на тры месяцы. Цяпер сьледзтва ўстанаўлівае яго магчымую сувязь з арганізаванай злачыннай групай, якая займаецца ценявой вытворчасьцю і распаўсюджваньнем цыгарэт.
Мужчыну пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.
- У 2024 годзе Памежная варта Польшчы выявіла на мяжы зь Беларусьсю ўдвая менш кантрабандных тавараў, чым у 2023 годзе. Мацней за ўсё скараціўся нелегальны ўвоз цыгарэт: аб’ём выяўленай кантрабанды зьменшыўся ў сумарным кошце амаль у чатыры разы — з 24,5 млн злотых да 6,3 млн, паведамляла ведамства.
- Літоўская мытня за першае паўгодзьдзе 2024 году затрымала 3,5 мільёна пачкаў нелегальных цыгарэт зь Беларусі, гэта палова ад агульнага аб’ёму. Другая палова — цыгарэты без акцызных налепак, паходжаньне якіх высьветліць цяжэй. У літоўскай мытні зьвяртаюць увагу, што раней паток кантрабандных цыгарэт зь Беларусі быў большы. Напрыклад, у 2019 годзе ўсяго затрымалі 8,2 мільёна пачкаў цыгарэт, 85% зь якіх мелі беларускія акцызныя маркі. Той год быў у гэтым пляне рэкордны.
- Больш за 45% нелегальнага абароту цыгарэт у Расеі прыпадае на прадукцыю зь Беларусі — шляхам фіктыўных транзытных перавозак у Расею агулам штогод паступае каля 600 млн пачкаў цыгарэт.
Форум