Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі журналіст Гардон пракамэнтаваў прызнаньне ягоных сацсетак «экстрэмісцкімі» ў Беларусі


Дзьмітро Гардон, архіўнае фота
Дзьмітро Гардон, архіўнае фота

27 лютага стала вядома, што суд Цэнтральнага раёну Менску сваім рашэньнем прызнаў «экстрэмісцкімі» сацсеткі ўкраінскага журналіста Дзьмітра Гардона, які за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году браў інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі. Дзьмітры Гардон пракамэнтаваў «Настоящему времени» гэтае рашэньне.

«Я хачу сказаць, што мне ад гэтага ні холадна, ні горача. З прычыны таго, што я раблю сваю справу. Я незалежны журналіст. Мяне ніхто ніколі не спансаваў і не спансуе. У мяне няма гаспадароў. У мяне ёсьць толькі сумленьне і мая любоў да маёй радзімы», — заявіў Дзьмітро Гардон.

Журналіст падкрэсьліў, што ўсё, што ён робіць у інфармацыйнай прасторы, прадыктавана «любоўю да сваёй краіны» і жаданьнем, каб расейскія войскі як найхутчэй сышлі з Украіны.

Дзьмітро Гардон нагадаў, што раней у Расеі яго прызналі «і экстрэмістам, і тэрарыстам, і іншаземным агентам», завялі на яго крымінальную справу, завочна асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня і абвясьцілі яго ў міжнародны вышук. Апроч гэтага, як сьцьвярджае Гардон, Расея нават дасылала ва Ўкраіну «групы кілераў, якія павінны былі яго забіць», але СБУ, паводле журналіста, «затрымлівае гэтыя групы адну за адной».

«Натуральна, што афіцыйнай Расеі, афіцыйнай Беларусі балюча, таму што падпісчыкаў у мяне ў YouTube і ў маіх сацсетках больш за 11 мільёнаў. Такога рэсурсу больш няма нідзе на постсавецкай прасторы.

Вядома, праўда, якую я даношу, і госьці маіх YouTube-каналаў і сацыяльных сетак даносяць да гледачоў, яна балюча б’е па фашыстах, па расейскіх фашыстах, па беларускіх фашыстах. І яны імкнуцца нейкім чынам зрабіць так, каб мой голас быў ня чутны. Але ў іх нічога не атрымаецца», — заявіў журналіст.

Дзьмітро Гардон падкрэсьліў, што вельмі любіць беларусаў, «беларускі народ, зямлю гэтую цудоўную», і яму горка ад таго, што шмат гадоў Беларусьсю кіруе «людаед, фашыст, сябар Пуціна, чалавек, які вінаваты ў заказных забойствах» — так Гардон назваў у камэнтары «Настоящему времени» Аляксандра Лукашэнку. Ён нагадаў, што Лукашэнка і раней заяўляў, што «Гардона трэба прывезьці ў Беларусь і пасадзіць яго ў СІЗА», але журналіст упэўнены, што «нічога не атрымаецца ні ў яго, ні ў Пуціна».

«А тое, што яны прызнаюць мяне нейкім экстрэмістам, — гэта насамрэч яшчэ адзін ордэн на грудзях. Калі фашысты прызнаюць цябе экстрэмістам, гэта значыць, што ты на правільным шляху. І з гэтай дарогі я не сыду», — сказаў ён.

Дзьмітро Гардон таксама назваў Расею «фашысцкай дзяржавай» і агрэсарам у сувязі зь яе нападам на Ўкраіну, а Аляксандра Лукашэнку — «такім жа, як і Пуцін, фашыстам», бо ён падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны. Гардон нагадаў, што Лукашэнка ў інтэрвію яму ў 2020 годзе казаў, што «ніколі расейскія войскі ня ўвойдуць на тэрыторыю Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі», але 24 лютага 2022 году Расея пачала ўварваньне ва Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. «І мы гэта памятаем, і мы гэтага ніколі не забудзем», — адзначыў ён.

«Я ні ў якім разе не абвінавачваю беларускі народ у гэтым. Я абвінавачваю ў гэтым прэзыдэнта Беларусі, самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі Лукашэнку. Бо гэты чалавек, ну, гэта дрэнь проста. Ён нясе такую ж адказнасьць, як і Пуцін, за напад на Ўкраіну. Такое не забываецца, такога дараваць нельга, і ніхто яму гэтага не даруе», — заявіў Дзьмітро Гардон.

  • Дзьмітро Гардон — журналіст і тэлевядоўца, былы дэпутат Кіеўскай гарадзкой рады. Стваральнік інтэрнэт-выданьня «Гордон» і газэты «Бульвар Гордона». Ён вядомы як інтэрвіюер, які выпусьціў больш за 1100 інтэрвію зь вядомымі людзьмі, у тым ліку з Расеі. На ягоны YouTube-канал падпісаныя больш за 3 мільёны чалавек.
  • 5 жніўня 2020 году Дзьмітро Гардон узяў у Менску інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі. Адразу пасьля інтэрвію ён наступным чынам пракамэнтаваў яго Свабодзе: «Выглядае вельмі добра. Вельмі добра размаўляе. Інтэрвію было нечакана рэзананснае, сьмелае, цікавае. Ён агучыў цэлы шэраг сэнсацыйных фактаў. Поціск рукі ў яго моцны. Бадзёры, добра выглядае».
  • Пазьней Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 9 жніўня 2021 году назваў украінскага журналіста Дзьмітра Гардона «мярзотнікам» і прапанаваў пасадзіць Гардона ў СІЗА за неабгрунтаваную балбатлівасьць. Дзьмітро Гардон, камэнтуючы заяву Лукашэнкі, сказаў: «Я ня думаў, што вы пратрымаецеся год. Вы пратрымаліся год, гэта дзіўная гісторыя. Я думаў, што вас зьмятуць, зьнясуць, але, на жаль, беларусы аказаліся не такімі рашучымі, як украінцы».
  • У лютым 2024 году Другі Заходні акруговы вайсковы суд у Маскве завочна прысудзіў украінскаму журналісту Дзьмітру Гардону 14 гадоў пазбаўленьня волі за распаўсюд «недакладных зьвестак пра дзеяньні расейскіх вайскоўцаў і заклік да прэзыдэнта ЗША Джона Байдэна нанесьці ядзерны ўдар па Расеі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG