Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі актывіст у Літве даказаў праз суд, што ён не пагроза нацыянальнай бясьпецы


Віктар Евілін
Віктар Евілін

Калегія судзьдзяў вышэйшага адміністратыўнага суду стала на бок шматдзетнага бацькі зь Беларусі, раней ён прайграў суд папярэдняй інстанцыі.

Беларус Віктар Евілін, бацька чатырох дзяцей, які жыве ў Літве, здолеў праз суд давесьці, што не пагражае нацыянальнай бясьпецы гэтай краіны. Такое рашэньне прыняла калегія судзьдзяў вышэйшага адміністратыўнага суду Літвы.

У канцы чэрвеня мінулага году актывіст з Мар’інай Горкі даведаўся ад Дэпартамэнту міграцыі Літвы, што нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Яму не падоўжылі дзеяньне дазволу на жыхарства, хоць раней праблем з гэтым не было. У Літве Віктар з 2020 году. Свабода падрабязна расказвала ягоную гісторыю.

Суд першай інстанцыі ня стаў на бок Віктара і падтрымаў рашэньне Дэпартамэнту міграцыі — не выдаваць дазволу на жыхарства, прызнаць пагрозай нацыянальнай бясьпецы, забараніць уезд у Літву на 30 месяцаў.

Суд вышэйшай інстанцыі гэтае рашэньне адмяніў, стаўшы на бок актывіста. Паводле словаў Віктара, на гэта паўплывала знаходжаньне ўсёй ягонай сям’і ў Літве.

«Яны спасылаюцца на Канвэнцыю па правах чалавека. Паводле яе, правы чалавека парушаюцца, калі разьядноўваецца сям’я. З улікам гэтага фактару і было прынятае рашэньне: у мяне тут сям’я, я ўдзельнічаў у пратэставай дзейнасьці ў Беларусі, я прыехаў сюды назаўсёды», — кажа Віктар.

У сваім рашэньні суд абапіраецца на Канвэнцыю аб абароне правоў і свабодаў чалавека, а таксама на практыку Эўрапейскага суду. Гэтая канвэнцыя гарантуе права на павагу да сямейнага жыцьця. Таксама ў рашэньні суду згадваецца тое, што жонка Віктара і дзеці маюць літоўскія карані. Магчымасьць жа нейкай пагрозы ад яго несувымерная шкодзе, якая наносіцца чалавеку ад разьяднаньня сям’і, гаворыцца ў рашэньні суду.

Раней пагроза тлумачылася тым, што з 1994 па 2013 год Віктар служыў у МНС. Цяпер жа суд зьвярнуў увагу на палітычную актыўнасьць Віктара ў Беларусі і на той факт, што з 2020 году ён ня езьдзіць у Беларусь.

За мінулы год у Літве 598 беларусаў былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бясьпецы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG