Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся новыя дэталі ў справе беларуса, якога абвінавацілі ў крадзяжах у Бучы ў часе расейскай акупацыі


Буча 2 красавіка 2022 году пасьля адступленьня расейскіх вайскоўцаў. Ілюстрацыйнае фота
Буча 2 красавіка 2022 году пасьля адступленьня расейскіх вайскоўцаў. Ілюстрацыйнае фота

У справе беларуса 7 эпізодаў крадзяжоў у Бучы Кіеўскай вобласьці, яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

Адзін з судоў Кіеўскай вобласьці дазволіў паліцыі затрымаць грамадзяніна Беларусі, ураджэнца Магілёва, якому інкрымінуюць частку 4 артыкула 185 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — крадзеж ва ўмовах ваеннага становішча.

Як стала вядома Свабодзе, такое рашэньне суд ухваліў 24 лютага. Пасьля затрыманьня беларуса плянуюць даставіць у суд для абраньня меры стрыманьня — яго хочуць узяць пад варту і забясьпечыць яго прысутнасьць на разглядзе справы аб крадзяжах у часе расейскай акупацыі.

Гэта другое падобнае рашэньне, папярэдні дазвол сьледчыя атрымалі ў кастрычніку 2023 году, але так і не змаглі знайсьці і затрымаць абвінавачанага.

У справе беларуса — 7 эпізодаў крадзяжоў у Бучы Кіеўскай вобласьці, якія ён меркавана ўчыніў у сакавіку 2022 году, калі горад быў пад расейскай акупацыяй. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

Агульны кошт рэчаў, скрадзеных зь некалькіх прыватных будынкаў, — больш за 70 тысяч грыўняў. На той момант гэта адпавядала 2,5 тысячы даляраў ЗША ў эквіваленце.

Паводле матэрыялаў справы, у адным з эпізодаў грамадзянін Беларусі вынес рэчаў на 23 920 грыўняў, у другім — на 16 250 грыўняў, у трэцім — на 14 323 грыўняў. У іншых выпадках кошт скрадзенага складаў ад 3,5 да 4,5 тысячы грыўняў. Які памер маральнай шкоды заявілі пацярпелыя, пакуль невядома.

Паводле матэрыялаў справы, беларус пранікаў у пустыя будынкі праз вокны або ламаў дзьверы і выносіў адтуль розную маёмасьць — ноўтбукі, фотаапараты і прылады да іх, залатыя і срэбныя вырабы, ровары, надзіманую лодку, ласты, скураныя рамяні, некалькі дарослых і дзіцячых гадзіньнікаў, электрычныя інструмэнты, мабільныя тэлефоны і гэтак далей.

У кастрычніку 2023 году гэтага абвінавачанага абвясьцілі ў вышук. Пазьней стала вядома, што праваахоўныя органы вышукваюць Сяргея Лук’янава, які ўцёк з-пад варты ў Польшчу і там вёў гурток для ўкраінскіх дзяцей. Да ўцёкаў ва Ўкраіну ён працаваў мастаком у Сьвята-Елісавецінскім манастыры ў Менску. У Кіеве ён арганізаваў варту стыхійна створанага каля беларускай амбасады мэмарыялу памяці Рамана Бандарэнкі.

Тады Сяргей Лукʼянаў расказваў Свабодзе, што зьехаў зь Беларусі ў жніўні 2020 году. У ліпені ў яго адбыўся ператрус, бо ён быў удзельнікам тэлеграм-каналу «Армія з народам», а пазьней стаў фігурантам справы Ціханоўскага — аб арганізацыі або ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак.

У сакавіку 2024-га ва Ўкраіне паводле аналягічнага абвінавачаньня асудзілі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі — яго за крадзяжы тавараў у крамах Бучы ў часе расейскай акупацыі пакаралі 5 гадамі пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам цягам двух гадоў. Раней, ён, імаверна, служыў у Гомельскім упраўленьні Міністэрства надзвычайных сытуацый: у выраку сярод вернутых беларусу рэчаў згадваліся пасьведчаньні «Цэнтру прапаганды МНС» і «Гомельскага МНС».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG