Віцэ-прэм’ер, міністар абароны Польшчы Ўладыслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што на ахову польска-беларускай мяжы накіруюць 16-ю мэханізаваную брыгаду, фармаваньне якой цяпер завяршаюць.
«З 1 жніўня 16-я дывізія будзе адказваць за ахову польска-беларускай мяжы ў рамках апэрацыі „Бясьпечнае Падляшша“. Яна возьме на сябе кіраўніцтва апэрацыяй», — сказаў Уладыслаў Касіняк-Камыш у часе сустрэчы з вайскоўцамі новастворанай брыгады.
Як адзначаецца на сайце Міністэрства абароны Польшчы, фармаваньне 16-й матарызаванай брыгады ў складзе 16-й мэханізаванай дывізіі пачалося вясной 2024 году, і за 11 месяцаў на службу ў яе шэрагі прыйшлі больш за 600 вайскоўцаў. Брыгада дысьлякуецца ў Залусках каля Нідзіцы на паўночным усходзе Польшчы.
Пасьля поўнага фармаваньня 16-я матарызаваная брыгада стане найбуйнейшым вайсковым падразьдзяленьнем у гэтым рэгіёне. Яе ўзброяць колавымі бронетранспартэрамі ROSOMAK, сучаснымі танкамі К-2 і самаходнымі зэнітнымі ракетнымі комплексамі POPRAD.
Апэрацыя «Бясьпечнае Падляшша» па ахове мяжы зь Беларусьсю пачалася ў жніўні 2024 году.
У 2022 годзе Польшча пабудавала на мяжы зь Беларусьсю загароду вышынёй 5,5 мэтра і даўжынёй 186 кілямэтраў, а таксама ўсталявала сучасную сыстэму электроннага маніторынгу, каб супрацьдзейнічаць мігранцкаму ціску зь беларускага боку.
Форум