Варвара Андрэева, цывільная жонка грамадзяніна Беларусі Ігара Хасанава, праз розныя расейскія і ўкраінскія праекты спрабуе яго знайсьці пасьля таго, як зь ім зьнікла сувязь.
Як паведамілі Свабодзе ў праекце «Не жди меня из Украины» з спасылкай на Варвару Андрэеву, Ігар Хасанаў нарадзіўся 4 красавіка 1990 году, меў пазыўны «Хасан».
«Ён нарадзіўся ў Рэспубліцы Беларусь, у Лідзкім раёне», — паведаміла яна. Паводле яе, да службы ў расейскай арміі ён жыў у Красназнамёнску Калінінградзкай вобласьці.
Паводле Андрэевай, Ігар Хасанаў у пачатку лютага быў на вучэньнях у Ленінградзкай вобласьці.
«Адтуль яго накіравалі на Белгарад, і сувязь перарвалася», — дадала цывільная жонка зьніклага бязь вестак беларуса.
Згодна з інфармацыяй праекту, Хасанаў служыў у мотастралковым падразьдзеле сухапутных войскаў Расеі, вайсковая частка 52033 — гэта палявая частка, якая падпарадкоўваецца вайсковай частцы 02511, што дысьлякуецца ў пасёлку Каменка Ленінградзкай вобласьці.
Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», створаным для расейскіх вайскоўцаў, вайскоўца з такім прозьвішчам у сьпісах палонных няма.
У сьпісах расейскіх вайскоўцаў, абвешчаных дэзэртэрамі, ёсьць некалькі вайскоўцаў з прозьвішчам Хасанаў, але яны маюць іншыя імёны.
Расейцы, якія служаць у вайсковай частцы 52033, актыўна ваююць ва Ўкраіне яшчэ з пачатку расейскага ўварваньня ў Данецкую вобласьць у 2014 годзе. Яны ўдзельнічалі ў баях пад Дэбальцавым у 2015 годзе, а пасьля нападу ў 2022 годзе — на харкаўскім кірунку: пад Купянскам і Ваўчанскам.
У адмысловых групах, створаных у расейскіх сацыяльных сетках «ВКонтакте» і «Однокласники», вялікая колькасьць абвестак аб вышуку вайскоўцаў, якія служылі ў гэтай вайсковай частцы. З гэтых абвестак вынікае, што ў частцы частыя ратацыі празь вялікія страты. Вядома, што ў верасьні 2024 году пад Ваўчанскам украінскія войскі разбамбілі цэлую калёну гэтага падразьдзелу — тады з 130 расейскіх вайскоўцаў, адпраўленых на штурм, знайшліся толькі тры, зь якіх два апынуліся ў шпіталі і адзін ва ўкраінскім палоне.
Як адзначаюць сваякі, якія шукаюць сваіх блізкіх, у адказ на звароты камандаваньне адпраўляе лісты паводле двух шаблёнаў — «сувязь страчаная» або «трапіў пад абстрэл і імаверна памёр».
Згодна з статыстыкай, у групу, створаную ў траўні 2024 году адмыслова для дапамогі сваякам вайскоўцаў, якія служылі ў палявых фармаваньнях вайсковай часткі 02511, напісалі 33 573 паведамленьняў, у тым ліку 1099 — за апошні тыдзень.
Форум