Я заўжды злуюся, калі бачу высакамернае стаўленьне ад людзей з Захаду да беларускіх недзяржаўных арганізацый. Нібыта нічога мы нармальна ня ўмеем, а вось яны нас зараз навучаць, як мусіць працаваць трэці сэктар. У рэальнасьці ж часта вучыцца трэба ў нас, піша блогерка Наста Захарэвіч ў Сусьветны дзень НДА.
Гэта толькі частка агульнага троху грэблівага стаўленьня, зь якім час ад часу сутыкаюцца людзі, што зьехалі зь Беларусі ў больш заходнія краіны. Гэтае стаўленьне часам называюць расізмам, але гэта недакладна, бо справа ж ня ў колеры скуры. І ён у нас, дарэчы, «правільны». Рэч у тым, як трапна апісвае папулярны ў сацсетках мэм — мы ня з той Эўропы, дзе п’юць віно і ядуць аліўкі, а з той Эўропы, дзе п’юць гарэлку і б’юць дзяцей. Ад стэрэатыпаў нам, відаць, ніколі не ўцячы.
Але рэальнасьць жа такая, што беларускі трэці сэктар заўжды існаваў у вельмі неспрыяльных умовах і пры гэтым выдатна разьвіваўся. Колькі арганізацый не маглі атрымаць рэгістрацыю, колькі чалавек мусілі працаваць нелегальна, колькі актывістак і актывістаў рызыкавалі ўласнай бясьпекай, каб дапамагчы іншым! Міліцыя затрымлівала людзей, што раздавалі на вуліцы цёплую ежу, невядомыя падкідалі наркотыкі на гаўбец прытулку для пацярпелых ад хатняга гвалту, завэрбаваныя КДБ людзі адсочвалі, што адбываецца ў канкрэтных арганізацыях. Офісы ў кватэрах, таемныя сустрэчы, немагчымасьць афіцыйна працаўладкавацца ў арганізацыі — у такіх умовах шмат якія грамадзянскія ініцыятывы ў Беларусі працавалі ня проста гадамі, а дзесяцігодзьдзямі.
Бачыць на фоне гэтага грэблівае стаўленьне ад заходніх партнэраў ці «простых людзей» — ну, як мінімум, непрыемна.
Але і цяпер, калі ўсе, хто можа, пішуць нэкралёгі беларускай грамадзянскай супольнасьці, яна працягвае жыць. І за межамі Беларусі, і ўнутры краіны. Так, безьліч арганізацый былі ліквідаваныя, так, шмат людзей з трэцяга сэктару былі рэпрэсаваныя і прайшлі праз адміністрацыйныя арышты ці крымінальныя справы. Шмат хто дагэтуль за кратамі. Але супольнасьць не памерла і ня зьнікла.
Актывісткі і актывісты працягваюць рабіць тое, што лічаць сваёй справай, у тым ліку — літаральна ратуюць жыцьці. Бо як бы ні старалася прапаганда выставіць грамадзянскую супольнасьць «грантасмокамі», агентамі замежных спэцслужбаў і проста ворагамі Беларусі, гэтая супольнасьць ратуе людзей. Ратуе пацярпелых ад хатняга гвалту, дапамагае дзецям і дарослым з рэдкімі захворваньнямі, зьбірае грошы на лячэньне за мяжой, арганізоўвае групы псыхалягічнай падтрымкі, дапамагае змагацца за свае правы. Улады мусілі б быць удзячнымі, што іх працу выконваюць іншыя людзі, але ў любой сацыяльнай актыўнасьці дзяржава бачыць небясьпеку. І шмат якія ініцыятывы ў Беларусі сёньня мусяць працаваць падпольна.
Бо адзіная мэта рэжыму — заставацца пры ўладзе. І любыя праявы салідарнасьці ён успрымае як пагрозу, бо хто іх ведае, гэтых шахматыстаў — сёньня яны перастаўляюць фігуры на дошцы, а заўтра пойдуць біць гэтымі дошкамі вокны Дома ўраду. Давядзецца потым здымаць новы прапагандысцкі фільм — «Дрэвам па шкле».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум