Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуска-расейская Дамова аб гарантыях бясьпекі — шлях да эскаляцыі ў рэгіёне», — палітоляг Марозаў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Ці азначае ратыфікацыя Дамовы аб гарантыях бясьпекі, што ў Беларусі ў хуткім часе зьявяцца новыя расейскія вайсковыя аб’екты? Наколькі імаверны новы расейскі ўдар па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі з выкарыстаньнем вучэньняў «Захад—2025»? Ці будуць разьмешчаныя ў Беларусі расейскія ракеты «Арэшнік»?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае расейскі палітоляг Аляксандар Марозаў.

Сьцісла:

  • «Дамовай аб гарантыях бясьпекі зь Беларусьсю Крэмль узмацняе ціск на краіны Эўропы».
  • «Пуцін не разьлічвае з тэрыторыі Беларусі нанесьці ўдар з мэтай захопу Кіева ці Харкава, ён разьлічвае на дэстабілізацыю ва Ўкраіне, на стварэньне там хаосу».
  • «Ворагам № 1 для Расеі зараз робіцца Эўропа».
  • «Магчымасьці манэўру ў Лукашэнкі ў новай сытуацыі зьмяншаюцца».
  • «У цяперашняй сытуацыі Пуціну не абавязкова паказваць фізычную прысутнасьць у Беларусі „Арэшніка“ ці тактычнай ядзернай зброі. Крэмль можа маніпуляваць нявызначанасьцю зь месцамі разьмяшчэньня гэтых узбраеньняў».

— Сёньня Палата прадстаўнікоў Беларусі ўхваліла Дамову аб гарантыях бясьпекі з Расеяй. Сёньня ж за дамову аднагалосна прагаласаваў Савет Фэдэрацыі РФ. 18 лютага яе ўхваліла Дзярждума. У дамове ёсьць пункт аб расейскіх вайсковых аб’ектах у Беларусі. Там напісана, што Расея можа ствараць у Беларусі вайсковыя і іншыя абʼекты, а таксама разьмяшчаць вайсковыя фармаваньні. Варта нагадаць, што два расейскія вайсковыя абʼекты дзейнічаюць у Беларусі з 1995 году.

Вось гэты пункт цяперашняй дамовы аб вайсковых абʼектах — гэта чэхаўская «стрэльба, павешаная ў першым акце, якая ў трэцім акце абавязкова стрэліць»? Ці гэта запісана проста на ўсялякі выпадак?

Аляксандар Марозаў
Аляксандар Марозаў

— Мне здаецца, што гэтая дамова проста адлюстроўвае сытуацыю, якая склалася ў выніку вайны Расеі з Украінай. І сытуацыю, якая склалася вакол канфлікту паміж Расеяй і Эўропай, усходнім флянгам NATO. Бо незалежна ад таго, як будуць складацца канкрэтныя абставіны заканчэньня вайны, відавочна, што Расейская Фэдэрацыя разьлічвае далей нарошчваць свае вайсковыя магчымасьці, для таго каб супрацьстаяць Эўразьвязу і бліжэйшым краінам Цэнтральнай Эўропы. І дадатковую магчымасьць для гэтага Крэмль закладае гэтай дамовай. Магчыма, размова не ідзе аб разьмяшчэньні ў Беларусі сухапутных сілаў. Хутчэй аб авіяцыі, сілах СПА, ракетным патэнцыяле.

Крэмль зыходзіць з таго, што ўсходні флянг NATO будзе ў бліжэйшыя 10 гадоў інтэнсіўна ўзмацняцца. І гэта будзе адбывацца незалежна ад таго, калі і як скончыцца вайна Расеі з Украінай. Дамовай аб гарантыях бясьпекі зь Беларусьсю Крэмль узмацняе ціск на гэтыя краіны Эўропы. Дамова дае юрыдычную магчымасьць раптоўна перакідаць на межы з краінамі NATO вялікія вайсковыя кантынгенты. Гэтая дамова — элемэнт эскаляцыі ў рэгіёне.

— На ваш погляд, ці стаіць за гэтай дамовай дакладны апэратыўны плян разьмяшчэньня ў Беларусі буйных вайсковых сілаў на сталай аснове, ці гэта проста магчымасьць такое зрабіць?

— Гэта залежыць ад таго, чым скончацца спробы завяршыць вайну. Калі яны не прывядуць да выніку, то нельга выключыць спробу нанесьці ўдар па Ўкраіне, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Мы ня ведаем (думаю, што і Пуцін ня ведае), што будзе праз 6 месяцаў. Дамова зь Беларусьсю стварае магчымасьць выкарыстаньня «Пляну Б», гэта значыць, сцэнару паўторнага нападу на Ўкраіну зь Беларусі. А ў пэрспэктыве гэта прымусіць такія краіны, як Польшча, Літва, Латвія, зь вялікай увагай ставіцца да сваёй бясьпекі і ўзмацненьня сваёй абараназдольнасьці. Гэтая эскаляцыя можа прывесьці і да збройнага канфлікту Расеі з краінамі NATO, у які будзе ўцягнутая і Беларусь.

Два расейскія вайсковыя абʼекты сапраўды існуюць на тэрыторыі Беларусі ўжо 30 гадоў. Але іх статус рэгулюецца адмысловымі дамовамі. І раней палажэньня аб магчымасьці разьмяшчэньня іншых вайсковых абʼектаў РФ у Беларусі ў двухбаковых дамовах не было. А зараз зьявілася. І зьявілася з улікам пэрспэктывы абвастрэньня сытуацыі ў Цэнтральнай Эўропе.

— У верасьні ў Беларусі пройдуць вялікія беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025». Многія экспэрты выказваюць асьцярогу, што яны могуць стаць пралёгам да новага ўдару па Ўкраіне ці нават нападаў — гібрыдных ці не — на суседнія краіны NATO.

Зь іншага боку, «Захад-2025» — гэта плянавыя вучэньні. Яны праводзяцца раз на 4 гады, пачынаючы з 2009 году. Аднак пазаплянавыя вучэньні «Саюзная рашучасьць» у Беларусі ў лютым 2022 году перарасьлі ва ўварваньне. А плянавыя вучэньні «Захад-2025» могуць перарасьці ў нешта пазаплянавае?

— Вайскова-палітычны кантэкст сёлетніх вучэньняў істотна адрозны ад таго, у якім падобныя вучэньні праводзіліся ў 2009, 2013, 2017 і 2021 гадах. Вельмі імаверна, што «Захад-2025» будуць праводзіць у сытуацыі, калі спыненьня агню ня будзе, а мірныя перамовы скончацца нічым. І перад Пуціным будзе стаяць пытаньне аб тым, якім чынам далей дамагацца рэалізацыі мэтаў так званай СВА. Пуцін будзе працягваць дамагацца далейшага захопу тэрыторыяў Луганскай і Данецкай абласьцей па адміністрацыйных межах, а магчыма, і Херсонскай і Запароскай абласьцей. Да таго ж Крэмль патрабуе, каб ва Ўкраіне прайшлі выбары і каб на гэтых выбарах Зяленскі не перамог. Зяленскі не задавальняе Крэмль як магчымы партнэр па мірных перамовах. І гэтага жадаюць ня толькі ў Крамлі. Дадатковая ваенная пагроза з тэрыторыі Беларусі — гэта інструмэнт узьдзеяньня на ўнутрыпалітычную сытуацыю ва Ўкраіне. Пуцін не разьлічвае з тэрыторыі Беларусі нанесьці ўдар з мэтай захопу Кіева ці Харкава. Ён разьлічвае на дэстабілізацыю ва Ўкраіне, на стварэньне там хаосу. І такое выкарыстаньне вучэньняў — больш імавернае, чым для прамога нападу.

— У лютым 2022 году Расея перакінула ў Беларусь вялізную вайсковую групоўку для нападу на Ўкраіну. Аднак пазьней гэтыя войскі былі амаль цалкам выведзеныя зь Беларусі. Цяпер, паводле ацэнак украінскай выведкі, там знаходзіцца каля 2 тысяч расейскіх вайскоўцаў. І за тры гады ніякіх новых расейскіх вайсковых абʼектаў створана не было. Гэта таму, што гэта не было патрэбна Пуціну, не было патрэбна Генштабу РФ, ці таму, што Лукашэнка ўзмацненьню расейскай вайсковай прысутнасьці ўсяляк супраціўляўся?

— Несумненна, што Аляксандар Лукашэнка заўсёды, у тым ліку і на працягу трох гадоў вайны, манэўраваў у адносінах да Крамля. Манэўраваў для таго, каб захоўваць сувэрэнітэт Беларусі, як ён яго разумее. Але сытуацыя зараз зьмянілася. Дональд Трамп дэманструе, што Злучаныя Штаты могуць сысьці ня толькі з праблематыкі расейска-ўкраінскай вайны, але і з праблематыкі эўрапейскай бясьпекі ў цэлым. І гэта мяняе сытуацыю, у тым ліку і для Лукашэнкі. Да нядаўняга часу Пуцін зыходзіў з таго, што ў цэлым існуе трывалы Паўночнаатлянтычны альянс, і яго лепш не дражніць. Былі і ёсьць палітыкі і экспэрты, такія як экс-прэзыдэнт РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў і прафэсар Сяргей Караганаў, якія лічылі і лічаць, што дражніць ня толькі бясьпечна, але і неабходна. Аднак Крэмль да апошняга часу такіх поглядаў не падзяляў. Цяпер сытуацыя мяняецца. І ворагам № 1 робіцца Эўропа, якая працягвае вайсковую падтрымку Ўкраіны. У гэтай сытуацыі для Пуціна робяцца больш актуальнымі прынамсі пагрозы і гібрыдныя дзеяньні ў дачыненьні да Польшчы, Швэцыі, Даніі, Нідэрляндаў, краінаў Балтыі, Чэхіі. І ў сувязі з гэтым магчымасьці манэўру ў Лукашэнкі зьмяншаюцца. Нават пры завяршэньні вайны ва Ўкраіне расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі можа ўзмацніцца.

— У канцы мінулага году было абвешчана рашэньне, што ў другой палове 2025 году ў Беларусі будуць разьмешчаныя расейскія балістычныя ракеты «Арэшнік». Як тлумачылі і Лукашэнка, і расейскія стратэгі, гэта адказ на рашэньне NATO разьмясьціць у Нямеччыне з 2026 году амэрыканскія ракеты сярэдняй далёкасьці. Рашэньне пра гэтае разьмяшчэньне ракетаў у Нямеччыне было прынятае пры прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну.

Аднак варта ўзгадаць, што Злучаныя Штаты выйшлі з дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй далёкасьці ў 2019 годзе, пры прэзыдэнту Трампу. Калі выйшлі, то, відаць, плянавалі гэтыя ракеты ствараць і разьмяшчаць. Не відавочна, што Трамп гатовы адмовіцца ад усіх формаў супрацоўніцтва з Эўропай, у прыватнасьці, ад рашэньня аб разьмяшчэньні ў Нямеччыне ракет сярэдняй далёкасьці.

— Так, гэта не відавочна. У першую чаргу таму, што мы ня ведаем, які будзе вынік намаганьняў Трампа па дасягненьні міру ва Ўкраіне. Невядома, які ягоны «плян Б» у выпадку, калі мірнае пагадненьне не адбудзецца. І тады ў Трампа зьявіцца глыбокая і цяжкая крыўда на Пуціна. Таму пакуль прынамсі заўчасна казаць, што Дональд Трамп на працягу 2025–2026 гадоў будзе хутка і ў аднабаковым парадку ліквідаваць амэрыканскую вайсковую прысутнасьць у Эўропе. Зараз тон абмеркаваньня пэрспэктыў крыху панічны, як быццам NATO ўжо больш няма, а хутка зьявіцца эўрапейская армія. У рэальнасьці NATO захоўваецца на кантынэнце; усе структуры, якія былі створаныя з удзелам амэрыканцаў, працягваюць працаваць. І намаганьні па ўмацаваньні абароны ўсходняга флянгу NATO будуць рабіцца ў любым выпадку, з удзелам ЗША ці без.

— Рашэньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) было прынятае яшчэ ў 2023 годзе. Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаў і сьцьвярджае, што яна была дастаўленая і разьмешчаная ў Беларусі. Але гэту зброю ў Беларусі не паказваюць. Таксама адметна, што заходнія ўрады, як і заходнія выведкі, не пацьвярджаюць, але і не адмаўляюць наяўнасьці ў Беларусі расейскай ТЯЗ. Атрымліваецца крыху парадаксальная сытуацыя. У 1962 годзе Мікіта Хрушчоў хаваў наяўнасьць савецкіх ядзерных ракетаў на Кубе. Такое ўражаньне, што цяпер у Беларусі хаваюць адсутнасьць. Чаму?

— Мне здаецца, што ў Беларусі былі праведзеныя ядзерныя вучэньні. Гэта значыць, ракеты былі завезеныя, была адпрацаваная лягістыка іх дастаўкі ў Беларусь і падрыхтоўка да выкарыстаньня. А потым іх вывезьлі. І ў гэтым сэнсе гэтая зброя ў Беларусі як бы і ёсьць, і як бы яе і няма.

— Гэта нагадвае разумовы экспэрымэнт фізыка Эрвіна Шродынгера. У ягоным экспэрымэнце прынцыпова немагчыма сказаць, жывы ці мёртвы кот, зьмешчаны ў скрыню. Расейская ТЯЗ у Беларусі — такі ж «кот Шродынгера»?

— Так, «ТЯЗ Шродынгера». Цяпер Пуціну ня трэба дэманстраваць яе наяўнасьць у Беларусі, сытуацыя спрыяльная для яго. Трамп шмат у чым ідзе яму насустрач. Аднак пакуль незразумела, ці ўвойдзе Пуцін у адчыненыя для яго дзьверы. Дарэчы, у сваёй сёлетняй прамове 23 лютага Пуцін «Арэшнік» згадаў. Аднак у цяперашняй сытуацыі яму не абавязкова паказваць фізычную прысутнасьць у Беларусі «Арэшніка» ці ТЯЗ. Крэмль можа маніпуляваць нявызначанасьцю зь месцамі разьмяшчэньня гэтых узбраеньняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG