Урад Канады ўвёў дадатковыя санкцыі супраць 76 фізычных і юрыдычных асоб Расеі і за яе межамі, якія дапамагаюць расейскаму вайскова-прамысловаму комплексу або адказваюць за супрацу з Паўночнай Карэяй.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, пад санкцыі трапіла беларускае прадпрыемства «Белмагістральсэрвіс», якая працуе на рынку лягістыкі і займаецца грузавымі аўтамабільнымі перавозкамі. 51,55% акцый гэтай кампаніі належаць Міністэрству транспарту і камунікацый Беларусі. У групу ўваходзяць два ўнітарныя і чатыры даччыныя прадпрыемствы зь лякалізацыяй у Беларусі, Расеі, Казахстане і Польшчы.
Абмежаваньні ўвялі супраць расейцаў, датычных да запуску ўдарных бесьпілётнікаў па цывільных аб’ектах Украіны, у тым ліку па Чарнобыльскай АЭС, а таксама да прымусовага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Расею і прадстаўнікоў расейскай прапаганды.
У падсанкцыйны сьпіс Канады трапіў вядомы расейскі журналіст Уладзімір Познэр, пляменьніца Ўладзіміра Пуціна Ганна Цывілёва і яе муж Яўген Цывілёў, які пэўны час працаваў губэрнатарам Кемераўскай вобласьці, фонд імя Ахмата Кадырава, а таксама шэраг танкераў, што ўваходзяць у так званы «ценявы флёт» Расеі.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна з 28 лютага 2022 году закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Форум