Лінкі ўнівэрсальнага доступу

PEN International заклікаў неадкладна вызваліць Пачобута


Анджэй Пачобут на судзе ў 2023 годзе
Анджэй Пачобут на судзе ў 2023 годзе

Вядомы горадзенскі журналіст працягвае заставацца за кратамі ў Беларусі.

«Анджэй Пачобут — голас тых, каго прымушаюць маўчаць, — лічыць старшыня Камітэту перакладу і моўных правоў PEN International Урці Урутыкоэчэа. — Ён плаціць жахлівую цану за сваю непахісную прыхільнасьць да праўды і справядлівасьці. За кратамі, пазбаўлены свабодаў, за якія змагаўся, ён стаў страшным напамінам аб тым, як далёка ўлады Беларусі гатовыя пайсьці, каб задушыць іншадумства. Ніхто не павінен быць пакараны за тое, што гаворыць праўду», — падкрэсьліў прадстаўнік арганізацыі.

Гісторыя Пачобута, на думку міжнароднага ПЭН-цэнтру, сымбалізуе той від рэпрэсій, зь якімі сутыкаюцца пісьменьнікі і журналісты, якія адстойваюць правы прыгнечаных меншасьцяў. Арганізацыя зноў заклікала да яго неадкладнага вызваленьня, а таксама забесьпячэньня Пачобута неабходнай мэдыцынскай дапамогай.

16 студзеня падчас наведваньня Менскага гарадзкога тэхнапарку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».

Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

30 кастрычніка 2024 году міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі ў час выступу ў Сэнаце заявіў, што Варшава «па розных каналах» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG