Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПК зацікаўлены ў супрацы з Украінай дзеля рэгіянальнай бясьпекі і процідзеяньня «захопніцкім плянам Расеі»


Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка
Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка

З нагоды трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Аб’яднаны пераходны кабінэт выказаў «цьвёрдую салідарнасьць» з украінскім народам, які «самааддана змагаецца за сваю незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць супраць расейскай агрэсіі, якую падтрымлівае рэжым Лукашэнкі».

У АПК адзначылі, што беларускае грамадзтва «захоўвае непрыняцьце расейскай агрэсіі», нягледзячы на рэпрэсіі з боку рэжыму.

«Мы паважаем кожнага, хто сьмела выступае супраць вайны, рызыкуючы свабодай і жыцьцём, — гаворыцца ў заяве. — Асаблівая пашана тым беларусам, якія цяпер змагаюцца са зброяй у руках у складзе Ўзброеных сіл Украіны. Мы таксама схіляем галовы перад памяцьцю тых, хто аддаў сваё жыцьцё за свабоду Ўкраіны».

Кабінэт падтрымлівае намаганьні ўрадаў дэмакратычных краінаў, што працягваюць аказваць Украіне ўсебаковую дапамогу, «уключаючы пастаўкі сучасных узбраеньняў, фінансавую і гуманітарную падтрымку». Эфэктыўная дапамога міжнароднай супольнасьці, на думку прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, застаецца «вырашальнай умовай для дасягненьня ўстойлівага і справядлівага міру».

АПК падтрымлівае «намаганьні 40 дэмакратычных краінаў па стварэньні спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны» і абяцае «працаваць над зборам і перадачай доказаў учыненьня агрэсіі рэжымам Лукашэнкі ў дачыненьні да Ўкраіны».

Палітычная структура таксама мае намер «працягваць працу сумесна з Украінай над прыцягненьнем да адказнасьці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за зьдзяйсьненьне ваеннага злачынства па незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей і іх далейшай індактрынацыі».

Адзначаецца, што для АПК падтрымка Ўкраіны «на шляху да справядлівага і ўстойлівага міру» застаецца стратэгічным прыярытэтам.

«Мы зацікаўленыя ў сумеснай працы з украінскім кіраўніцтвам у пытаньнях рэгіянальнай бясьпекі і процідзеяньня расейскім захопніцкім плянам», — гаворыцца ў заяве.

«Толькі дэмакратычная і незалежная Беларусь здольная стаць донарам бясьпекі для Эўропы, каб умацаваць мір у рэгіёне. Гістарычная повязь беларускага і ўкраінскага народаў — гэта надзейны фундамэнт для далейшага супрацоўніцтва, а агульная мэта — змагацца за дзяржаўнасьць і незалежнасьць нашых краін, а ў далейшым і забясьпечыць мірную будучыню для ўсёй Усходняй Эўропы», — падкрэсьліў АПК.

Расейскія войскі, якія прыбылі на беларускую тэрыторыю для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022», па іх заканчэньні не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Афіцыйны Менск падтрымлівае агрэсію Расеі. На раньнім этапе агрэсіі тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася для наземнага ўварваньня і нанясеньня ракетных удараў па ўкраінскай зямлі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG