Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нязломны, прынцыповы і мудры». У Вільні прайшла вечарына памяці палітвязьня Ігара Ледніка


Падчас вечарыны памяці Ігара Ледніка
Падчас вечарыны памяці Ігара Ледніка

Палітзьняволены журналіст, праваабаронца і грамадзкі актывіст, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Леднік памёр у турэмнай бальніцы год таму, 20 лютага 2024 году. Вечарыну памяці Ігара Ледніка ў творчай прасторы «Кропка» зладзілі ягоныя паплечнікі па БСДП і грамадзкая арганізацыя «Беларускі вэрдыкт».

Падчас вечарыны праваабаронца Ігар Рынкевіч зь «Беларускага вэрдыкту» заявіў, што ў Беларусі «створаная сыстэма, каб ня проста перасьледаваць, але і забіваць палітычных апанэнтаў рэжыму».

«Кожны з палітвязьняў мог быць на месцы Ігара Ледніка. Ён увойдзе ў пантэон беларускіх герояў. Ігар быў пятым з палітвязьняў, што памёр у няволі. Цяпер іх сама меней 7, а агульнай лічбы забітых мы і ня ведаем. Але імёны ўсіх ахвяраў будуць усталяваныя і захаваныя», — сказаў Ігар Рынкевіч.

Праваабаронца згадаў ранейшае інтэрвію з сынам Ігара Ледніка Аляксандрам, які цяпер жыве за межамі Беларусі. Сын Ледніка ў размове з журналістам распавёў пра апошнія дні жыцьця свайго таты. Аляксандар ведаў, што бацька ў вязьніцы перанёс апэрацыю на страўніку, але акрамя гэтага пакутаваў ад хваробы сэрца, меў праблемы зь лёгкімі і зрокам. «Мы ліставаліся, і заўсёды тата непакоіўся пра здароўе сваякоў і сяброў, у яго была неймаверная здольнасьць дапамагаць людзям», — згадаў Ігар Рынкевіч словы сына Ігра Ледніка.

Вылучаўся ўпартасьцю і прынцыповасьцю

Сябры Ігара Ледніка падчас вечарыны згадалі ягоны жыцьцёвы шлях.

Ігар Леднік нарадзіўся ў Менску 12 сьнежня 1960 году, адвучыўся на інжынэра ў Ленінградзе і вярнуўся ў Барысаў, дзе пражыў да скону дзён.

«У Барысаве Ігар Леднік абіраўся намесьнікам старшыні гарадзкой арганізацыі БСДП, быў самым заўважным і актыўным партыйцам. Памяць пра яго мы захаваем у нашых сэрцах», — распавёў Сяргей, адзін зь цяперашніх лідараў БСДП.

У пачатку 1990-ых Леднік заняўся бізнэсам і падключыўся да барацьбы за правы прадпрымальнікаў, калі з прыходам да ўлады Лукашэнкі пачаўся наступ на малы бізнэс. Алесь Макаеў, былы беларускі прадпрымальнік, па тэлефоне з Польшчы нагадаў, што ў 2004 годзе Ігар Леднік стаў ініцыятарам звароту прадпрымальнікаў з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта. Тады ўдалося сабраць больш за 2 тысячы подпісаў прадпрымальнікаў.

Ігар Рынкевіч таксама адзначыў, што «роля Ігара Ледніка ў прадпрымальніцкім руху была выключнай».

«Праз рэйдэрскі захоп у яго забралі фірму. Ён змог даказаць парушэньне закону, але фірму ўжо было не аднавіць, а ён далучыўся да праваабарончага руху і арганізаваў сайт „Наша Беларусь“, — распавёў пра Ледніка Ігар Рынкевіч.

Паводле ягоных успамінаў, Ігар Леднік сам вывучаў юрыдычную навуку і стаў добрым адмыслоўцам у галіне правоў чалавека.

Алесь Макаеў згадаў, што пасьля Майдану ва Ўкраіне ў 2004 годзе Ігар далучыўся да пратэстаў, «з гонарам насіў памаранчавы шалік».

Калі ў 2014 годзе пачалася расейская агрэсія супраць Украіны, Ігар Леднік стаў каардынатарам ініцыятывы «Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай». Разам з аднадумцамі ў 2019 годзе ён выдаў кнігу «Будапэшцкі мэмарандум: гарантыі і магчымасьці для Ўкраіны». Праблема гарантыяў незалежнасьці для краін, якія адмовіліся ад ядзернай зброі, аказалася ў цэнтры ўвагі Ледніка як палітыка і публіцыста. Сябры мяркуюць, што праз актыўнасьць да гэтай тэмы яго і арыштавалі.

«Гэта здарылася 22 красавіка 2022 году. Да яго прыйшлі і правялі вобшук, знайшлі часопіс „Пазыцыя“ з артыкулам аб нэўтралітэце Беларусі», дзе ён крытыкаваў Лукашэнку, але калі б ня гэты артыкул, дык прычапіліся б да нечага іншага. Ігар тады шмат пісаў скаргаў, адпраўляў іх у розныя дзяржаўныя ўстановы. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку і прысудзілі 3 гады зьняволеньня", — распавёў Сяргей.

Сябар Ледніка зачытаў успаміны пра яго, якія даслаў Ігар Барысаў, старшыня БСДП, які цяпер жыве ў Бэльгіі. Паводле Ігара Барысава, Леднік вылучаўся ўпартасьцю і прынцыповасьцю, ягоныя прапановы адносна выкананьня міжнародных гарантыяў краінам, якія адмовіліся ад ядзернай зброі, былі ўключаныя ў праграму БСДП.

Што вядома пра сьмерць палітвязьня Ігара Ледніка

Адбываў пакараньне Ігар Леднік у бабруйскай калёніі, але ўвесь час знаходзіўся ў мэдчастцы празь вельмі дрэнны стан здароўя. Ён быў інвалідам другой групы, меў праблемы з сэрцам.

Памёр палітвязень у шпіталі СІЗА ў Калядзічах 20 лютага 2024 году, куды яго плянава даставілі з калёніі. Прычынай сьмерці стала спыненьне сэрца. Яму было 63 гады.

«Яшчэ да таго, падчас сьледзтва мой сябар сядзеў з Ігарам у суседняй камэры СІЗА і згадваў, што ўсе ахоўнікі ведалі пра хваробу Ігара, але ставіліся да яго без усялякіх паблажак. Аднак духам ён быў нязломны, нават там не спыняў думаць пра Беларусь. Рыхтаваў новыя артыкулы», — згадаў Сяргей.

Пахаваны Ігар Леднік на Аляксееўскіх могілках Барысава. Сябры і аднадумцы зьбіраюць сродкі на помнік яму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG