Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў запрашаюць далучыцца да агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Дзень роднай мовы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Агульнанацыянальная дыктоўка адбудзецца ў Дзень роднай мовы 21 лютага. Сёлета яе суарганізатарамі сталі прадстаўніцтва ў справах нацыянальнага адраджэньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту і тэлеканал «Белсат».

«Гэта выдатная магчымасьць праверыць свае веды беларускай мовы, адчуць еднасьць зь іншымі ўдзельнікамі і падтрымаць родную культуру», — адзначылі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце.

Дыктоўку ў эфіры тэлеканалу «Белсат» правядзе пісьменьніца Ева Вежнавец.

Уласную дыктоўку ў школе, офісе, дома ці ў культурніцкай прасторы дыяспары можа зладзіць кожны ахвотны. Для гэтага прапануюць выкарыстаць тэкст «Роднае слова» паводле артыкула Цёткі і блянк, далучаныя да паведамленьня ў тэлеграм-канале АПК.

21 лютага ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай (матчынай) мовы. Ён абвешчаны UNESCO ў 1999 годзе ў памяць пра бэнгальскіх студэнтаў, якія загінулі, абараняючы права вучыцца на роднай мове. Сьвята мае заахвочваць моўную разнастайнасьць і шматмоўную адукацыю, а таксама спрыяць усьведамленьню моўных і культурных традыцыяў, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменьні, талерантнасьці і дыялёгу.

У гэты дзень ува ўнівэрсытэтах і клюбах праходзяць адмысловыя акцыі, у сацыяльных сетках і мэдыя зьяўляюцца публікацыі пра мову, абвяшчаюцца конкурсы і г.д.

Да падзеяў 2020 году ў Беларусі ў гэты дзень прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці зьбіраліся разам і пісалі дыктоўку паводле твораў беларускай літаратуры. Апошнімі гадамі агульнанацыянальную дыктоўку праводзілі онлайн у сувязі з рызыкай палітычных рэпрэсіяў у краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG