Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: палітзьняволенаму ксяндзу Генрыху Акалатовічу дазволілі мець крыж у СІЗА, ён дрэнна пачуваецца


На 20 лютага ў Беларусі сама меней 1217 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў можа быць больш.

Асуджаны на 11 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў «здрадзе дзяржаве» 70-гадовы палітзьняволены сьвятар Генрых Акалатовіч ужо больш за год ня мае магчымасьці адпраўляць сьвятую Імшу і прымаць Камунію, але, як даведаліся вернікі, яму дазволілі мець у камэры невялікі драўляны крыж, паведамляе katolik.life.

У СІЗА КДБ, дзе ксяндза Генрыха Акалатовіча трымалі больш за год, мець крыж забаранялі, а ў СІЗА-1 у Менскім раёне, куды яго перавялі на час абскарджаньня прысуду, такой забароны няма.

Таксама вернікам расказалі, што сьвятар дрэнна пачуваецца. Ён знаходзіцца ў зьняволеньні пасьля перанесенага інфаркту і апэрацыі выдаленьня страўніка з анкалягічнай прычыны.

Тым ня менш, паводле зьвестак выданьня, ксёндз Генрых Акалатовіч ня траціць бадзёрасьці духу і кажа, што яму лёгка на душы, бо нічога супрацьзаконнага ён не чыніў. Сваё зьняволеньне ён успрымае як перасьлед за веру, за Бога, за Каталіцкую царкву і просіць у малітве, каб Бог даў яму сілы годна прайсьці дарогу пакутнікаў.

Ксёндз чытаў кнігі з гісторыямі перасьледу сьвятароў пры камуністычным рэжыме — у тым ліку Казімера Сьвёнтка, якога трымалі ў той жа «Амэрыканцы» (СІЗА КДБ) у Менску — і «зрабіў выснову, што гісторыя паўтараецца», піша выданьне.

  • Генрыку Акалатовічу 64 гады, ён пробашч рымска-каталіцкай парафіі Сьвятога Юзафа ў Валожыне. Акалатовіча затрымалі 16 лістапада 2023 году, на сьвята Маці Божай Міласэрнасьці.
  • Сьвятар меў сур’ёзныя праблемы са здароўем, перанёс апэрацыю на страўніку ў сувязі з анкалёгіяй, мае пастаянную патрэбу ў леках і адмысловым назіраньні.
  • Яго пачалі судзіць 25 лістапада 2024 году ў Менскім абласным судзе. Судзіў сьвятара Ўладзімер Арэшка, вядомы тым, што прысудзіў зьняволеньне палітвязьням Эдуарду Бабарыку, Рыгору Кастусёву, Аляксандру Фядуту. 30 сьнежня ён прызнаў Акалатовіча вінаватым у «здрадзе дзяржаве» і асудзіў на 11 гадоў зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG